“Збаў , Божа, ад сяброў”



Падзеі ва Украіне разгортваюцца паводле сцэнару, які спрычыняе галаўны боль у прэзідэнта Парашэнкі і ўсяго кіраўніцтва краіны. У нядзелю у цэнтры Кіеву адбылася дэманстрацыя з сацыяльнымі патрабаваьнямі, а ў аўторак свой Сход на Майдане плануе правесьці “Правы Сектар”. У замен за падпарадкаванне сваіх узброеных сілаў армейскаму каманадаванню, нацыяналістычная арганізацыя патрабуе адстаўкі кіраўніка дзяржавы. Адносна нядзельнай дэманстрацыі, дык яна ў асноўным прайшла пад непалітычнымі лозунгамі. Людзі несьлі плакаты з напісамі: “ Не – росту тарыфаў”, “ Украінцам – украінскі урад”, “ Дзе рэформы?, “Далоў замежнікаў ад улады”, “ Падвысіць пенсіі”. Удзельнікі мірнай дэманстрацыі заяўлялі, што яны проста хочуць прыцягнуць увагу ўлады да праблемаў бюджэтнікаў, найперш пенсіянераў. Разам з рэальным збядненнем грамадства падобныя дэманстрацыі непазбежныя і яны могуць толькі больш радыкалізавацца.

Значна больш сур’ёзнай праблемай для ўлады з’яўляецца “Правы Сектар”. Усё пачалося тыдзень таму у Мукачаве са страляніны паміж баевікамі “Правага Сектару” і людзьмі дэпутата Вярхоўнай Рады Мыхайла Ланя, які абвінавачваецца у кіраванні цыгарэтнай мафіяй. Два баевікі “Правага Сектару” загінулі, яшчэ 6 хаваюцца, і за імі вядзецца вышук. Кіеўскія ўлады звольнілі ўсю адміністрацыю Закарапцкай вобласьці, камандзіраў службы бясьпекі і міліцыянтаў, уцягнутых у кантрабанду. Якое дачыненьне да кантрабанды мае “Правы Сектар” – не вядома, але прэзідэнт Парашэнка загадаў злавіць баевікоў, а батальёны “Правага Сектару” падпрадкаваць камандаваньню ўкраінскай арміі альбо распусціць.

Парашэнка даўно выступае за тое, каб не было ў краіне ніякіх “прыватных арміяў”, ніякай анархіі, бо гэта дыскрэдытуе дзяржаву. Цяпер ён адкрытым тэкстам назваў добраахвотнікаў “Правага Сектару” “тэрарыстамі”, што тыя ўспрынялі як зьнявагу. У адказ лідар “ Сектару” Дзмітры Яраш склікаў на аўторак на Майдане надзвычайны Сход сваіх прыхільнікаў. „Пасля Сходу і абмяркавання будучыні арганізацыі мы правядзем мітынг”, – паведаміў Дзмітры Яраш. “Нашы пастулаты нязьменныя: патрабуем роспуску парламенту, адстаўкі ўраду і прэзідэнта. Парашэнка не ўмее эфектыўна кіраваць краінай, правесьці рэформы і навесьці парадак у Данбасе”. “У склад узброеных сілаў мы можам увайсьці пасля амністыі для нашых хлопцаў, за якімі вядзецца вышук, на сваіх умовах і са сваімі камандзірамі,”- заявіў Яраш.

Ён заклікаў салдатаў, супрацоўнікаў Службы бясьпекі, Нацгвардыі і памежнай службы, каб тыя не выконвалі злачынных загадаў улады. Па словах Яраша “ улада робіць усё, каб вайна працягвалася бясконца”, у той час, калі яны, салдаты з “ Правага Сектару”, праліваюць кроў за Радзіму. У сваёй найноўшай заяве Яраш заклікаў правесьці народнае веча на Майдане. “ Давайце зробім яшчэ адзін крок да перамогі над нашымі знешнімі і ўнутранымі ворагамі”.

Кажучы пра кроў, пралітую ў абарону Радзімы, Яраш нічога не перабольшыў. “Правы Сектар” найбольш рашуча і арганізавана праводзіў Майдан і настойліва патрабаваў адстаўкі Януковіча. Зараз, добра абвучаныя сябры гэтай арганізацыі сапраўды самаахвярна ваююць у Данбасе. Аднак гэта ультра-нацыяналістычная арганізацыя, якая лічыць сябе пераемніцай ОУН-УПА, Сцяпана Бандэры і Рамана Шухевіча, адказных у прыватнасці за генацыд палякаў на Валыні. “Правы Сектар” і цяпер карыстаецца сімволікай гэтых нацыяналістычных арганізацыяў. З другога боку, “ Правы Сектар” не бачыць Украіну ў складзе Расеі, а ў Еўропе, хоць і неабавязкова у Еўразвязе.

Чым закончыцца канфлікт вакол “Правага Сектару” цяжка спрагназаваць. Адно можна сказаць з упэўненасцю: гэта вялікая праблема для Кіева і цудоўны падарунак Крамлю, які цвердзіць, што “Украіна – няздзейсненая дзяржава”. Унутраны канфлікт пацвярджае анархію, бязладдзе і беззаконне, шкодзіць іміджу Украіны і аслабляе яе пазіцыю на міжнароднай арэне. Калі шчырыя патрыяёты Украіны нанясуць шкоду сваёй Бацькаўшчыне, гэта будзе сапраўдная іронія лёсу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ