Землятрус – як рэха „стужкавай афёры”



Серада 10 чэрвеня запамятаецца ў Польшчы як дата глыбокай рэканструкцыі ўраду і выбачэння прэм’ера Эвы Копач перад народам за грахі і занядбанні сваёй партыі і ўраду. На думку аглядальнікаў, перастаноўкі на міністэрскіх пасадах – гэта вымушаны, роспачны крок, які не верне даверу выбаршчыкаў да кіруючай партыі “Грамадзянская Платформа”.

Так званая „стужкавая афёра” ўсплыла на паверхню год таму. Тыднёвік “Впрост” апублікаваў частку падслуханых размоваў людзей палітыкі і бізнэсу, якія сустракаліся ў двух варшаўскіх рэстаранах. Размовы нібыта запісалі афіцыянты па замове бізнэсоўца Марка Фаленты. Акрамя бамжоўскага лексікону і абсалютна брыдкай лаянкі грамадства было ўзбударажанае тым, як за грошы падаткаплацельшчыкаў прыўладныя людзі раскошна выпіваюць і закусваюць. Кампрамітацыя такіх палітыкаў, як міністр фінансаў Яцак Растоўскі, замежных справаў Радаслаў Сікорскі ды старшыні Нацбанку Марэк Бэлька была татальная, аднак ніхто з палітыкаў дэ-факта не пацярпеў. Пракуратура цягам году корпалася ў справе, шукаючы сапраўдных заказчыкаў праслухоўвання, якія хацелі гэткім чынам зрынуць урад Дональда Туска. Паўзабытая афёра раптам аджыла, дзякуючы аднаму бізнэсоўцу, які змясціў у Фэйсбуку матэрыялы следства, у тым ліку дадзеныя бізнэсоўца Яна Кульчыка і шэфа Цэнтральнага Антыкарупцыйнага Бюро. Аказалася, што апальнага, судзімага і мабыць не крыштальна чыстага бізнэсоўца хочуць прыцягнуць да адказнасці за публікацыю матэрыялаў, але балаган у самой пракуратуры, гэтак як і ўмногіх установах, гэта не яго віна. Уцечка матэрыялаў скандальна-маруднага следства ў справе скандальнага здарэння, кампрамітацыя кіруючых элітаў следствам, бяздарныя тлумачэнні Генпракурора і спрэчка ў Сойме абярнуліся рэзкім, але запозненым на цэлы год рухам Эвы Копач: прэм’ера і старшыні “Грамадзянскай Плятформы”. Яна паслала ў адстаўку міністра аховы здароўя Арлуковіча, міністра скарбу Уладзіміра Карпінскага, Радаслаў Сікорскі пакіне пасаду спікера Сойму, а Яцак Растоўскі зыходзіць з пасады старшыні дараднікаў прэм’ера. Пералік усіх чыноўнікаў, якія адным махам страцілі пасады не мае сэнсу. Гэта ўсяго толькі пачатак таго, што медыі ўжо ахрысцілі сапраўдным землятрусам. Толькі пры чым тут, для прыкладу, міністр аховы здароўя? Гэты неўдалота не павінен быць міністрам з самога пачатку.

Адразу пасля афёры са стужкамі ўсе, хто меў дачыненне да яе, павінен падаць у адстаўку, альбо прэм’ер Туск павінен яго прагнаць к чортавай маці. Чаму не прагнаў? Бо гэта была яго стратэгія. Пазбягаць расколу ў партыі. Любым спосабам захоўваць адзінства. Аднак бяссаромныя палітыкі прыліплі да мягкіх крэслаў, забыліся пра рэальнае жыццё, з’явілася раскоша, застоллі, нахабства, самаўпэўненасць. Тымчасам папулярнасць партыі можна будаваць і строгасцю ў дачыненні да сваіх. З’явіўся толькі цень-падазрэнне ў нечыстай справе – у адстаўку. Выбаршчыкам гэта падабаецца. Тымчасам адбывалася адваротнае. Загледжаныя ў вынікі памысных апытанняў палітыкі кіруючай кааліцыі не заўважылі, што іхны кандыдат прайграў прэзідэнцкія выбары. Як гром з яснага неба!.. Але ж гэта было прадказальна, бы пыха заўсёды прыводзіць да падзення. Партыя прайграла па свайму жаданню, бо страціліла пільнасць і кантакт з рэчаіснасцю. Яна нават ленавалася разрэкламаваць свае несумненныя поспехі.

“Адзінае, што магло б зрабіць нейкае ўражанне на палякаў, гэта адстаўка самой Эвы Копач. Усё астатняе гэта касметыка,”-напісаў былы міністр юстыцыі ва ўрадзе Туска Яраслаў Говін. Мабыць так. Але што з таго? Тады трэба хутка распісваць датэрміновыя выбары, хаця не паспеў уступіць на пасаду новаабараны прэзідэнт. Што б цяпер не зрабіла прэм’ер Эва Копач, як бы яна не ператрэсла ўвесь урад і ўсю палітычную сцэну, адно пытанне будзе яе сцябаць з усёй лютасцю: а дзе вы былі год таму? Чаму апамяталіся толькі цяпер?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ