Жарсці вакол уцекачоў



Еўрапарламент прагаласаваў за квотавы падзел 120 тысяч уцекачоў паміж краінамі Еўразвязу. Пытанне ўцекачоў падзяліла не толькі еўрадэпутатаў, але і грамадствы шэрагу краін, у прыватнасці палякаў, якіх у кастрычніку чакаюць парламенцкія выбары. Аказалася, што выказваючы свае боязі ў сувязі з наплывам уцекачоў, апазіцыя гэтым самым шмат скарыстала ў вачох выбаршчыкаў.
За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 372 дэпутаты а супраць былі 124-ы. Прадстаўнікі польскай “Грамадзянскай Платформы” ў Еўрапраламенце ўстрымаліся ад голасу, затое прадстаўнікі апазіцыйнай партыі “ Права і Справядлівасць” галасавалі супраць навязвання краінам Еўразвязу пэўнай квоты ўцекачоў. Іміграцыйная палітыка стала прадметам бурнай дэбаты ў польскім Сойме. Вядома ж, стаўленне да прыёму ўцекачоў стала таксама элемэнтам выбарчай кампаніі. Паводле аналітыкаў і аглядальнікаў, супярэчлівая рыторака прэм’ера Эвы Копач і яе кабінету, ваганне, непаслядоўнасць спрацавалі не на яе карысць. Затое яўна антыімігранцкая, але паслядоўная рыторыка найбуйнейшай апазіцыйнай партыі “Права і Справядлівасць” прыдбала ёй папулярнасці ў грамадстве. На думку палітолага д-ра Яцэка Сакалоўскага, антыімігранцкая рыторыка павялічыць выбарчыя шанцы апазіцыі. Справа ў тым, што “палякі баяцца наплыву імігрантаў, асабліва чужых, у сэнсе рэлігіі і культуры… Грамадства не проста не любіць чужынцаў, але баіцца тэрарыстаў,” – кажа Сакалоўскі. Па яго словах, “квотавы падзел уцекачоў быў непазбежны. Устрымліваючыся ад голасу еўрадэпутаты ад “Грамадзянскай Платформы” толькі аблягчылі прыняцце рэзалюцыі» . На думку палітолага, цяпер кіруючая партыя будзе атакаваная з двух бакоў: лібералы будуць яе папракаць за тое, што адразу тая не выказалася за прыём пэўнай квоты ўцекачоў, а шэраговы выбаршчык успрыйме хісткую пазіцыю як нерашучасць і перастрахоўку. Тымчасам трэба было адразу заявіць, што мы гатовы прыняць пэўную колькасць уцекачоў, але – на сваіх умовах. Гэта значыць: мы праверым, хто адпавядае дэфініцыі палітычнага ўцекача, а хто з’яўляецца заробкавым імігрантам альбо прыбыў па неясных матывах і можа сабою уяўляць пагрозу для краіны ды грамадства. Цяпер польскаму ўраду ўсё роўна прыйдзецца весці перамовы ў справе падрабязнасцяў, у прыватнасці, хто будзе вырашаць аб наданні статусу ўцекача. Другая справа – як будзе выглядаць высылка ўцекачоў назад і хто гэта прафінансуе.
Падчас згаданай дэбаты ў Сойме прагучала шмат эмацыйных выказванняў, але большасць з іх адпавядала настроям большасці грамадзян. Затым дэпутат ад “Руху Палікота” Арманд Рыфінскі на сваім блогу напісаў: “Многія з тых нібыта “ўцекачоў”, гэта заможныя баевікі „Ісламскай дзяржавы”, якія разбагацелі на вайне. Маўляў, ён ведае гэта ад аднаго карэннага сырайца, які жыве ў Польшчы. „Яны могуць сабе дазволіць заплаціць кантрабандыстам па некалькі тысяч еўра за аднаго чалавека,” – кажа Рыфінскі. „Ці Эва Копач ведае, што калі Нямеччына закрыла межы, у інтэрнэце ў Іраку, Сірыі і Аўганістане з’явіліся рэкамендацыі, каб цяпер ехаць цераз Украіну і Румынію… Калі гэтыя людзі рушаць на Еўропу, ніхто іх не затрымае і не пракантралюе… Ужо сёння ў Нямеччыне па некалькісот гэтых уцекачоў заходзяць у магазыны, бяруць тавар і выходзяць не плацячы… Яны нават не думаюць пра ўладкававанне ў Польшчы, дзе няма працы нават для мясцовых. Яны ведаюць, што ў Нямеччыне можна атрымліваць 1000 еўра ў месяц не працуючы… Я не хачу ў Польшчы гэтай саранчы імігрантаў, якая едзе па сацыяльную дапамогу, каб займацца злачыннасцю, павярненнем у сваю веру, крадзяжамі, знішчэннем і згвалтаваннямі… Пакуль у Польшчы будуць бяздомныя, галодныя дзеці, пакуль не не арганізуем рэпатрыяцыі палякаў з Данбасу і з Усходу, мы не павінны прыймаць ніводнага імігранта. Кожны з іх, гэта затым прыезд 10 і болей сваякоў і атрымаецца не дзесяць тысяч, але сотні тысяч такіх людзей,” – напісаў Арманд Рыфінскі.
Хай сабе яго нехта абвінавачвае ў непаліткарэктнасці, але хай адкажа на простае пытанне: ці ён не мае рацыі? У свой час на Фэйсбуку я таксама ўступіў у палеміку і напісаў, што бедным людзям абавязкова трэба дапамагаць, але пры гэтым трэба адсеяць тых, якія ўцякаюць ад вайны, і тых, якія прыязджаюць у іншых мэтах. “Гэта селекцыя родам з нацысцкіх лагераў,” – адказаў мой апанент. “Не, – кажу я, – гэта не селекцыі на тых, якія адразу ідуць у газавую камеру, і на тых, якім яшчэ дазволена трохі пажыць. Калі селекцыя гучыць дрэнна, дык давайце яе заменім “праверкай”. Аднак абавязкова прыезджым трэба задаць пытанне: чаму гэта пераважна маладыя мужчыны, 75% усіх уцекачоў, а не старыя, хворыя, жанчыны і дзеці едуць у Еўропу? Такога пытання не павінен саромецца нават хрысціянін, які добра ведае евангельскі змест і сэнс евангельскага аповеду пра міласэрнага самараніна.
Беларускае Радыё РАЦЫЯ