„Зязюлінае яйка” рэферэндуму
У Польшчы шырока абмяркоўваецца рашэнне прэзідэнта Браніслава Камароўскага, які прызначыў на 6 верасня агульнапольскі рэферэндум. Некаторыя лічаць, што гэта выхад насустрач жаданню грамадзян атрымаць большы ўплыў на справы краіны і народы, а іншыя лічаць, што гэтым самым прэзідэнт ратуе сваю партыю, якая блізкая скону.
“6 верасня адбудзецца рэферэндум… Я хачу падаахвоціць усе палітычныя сілы, каб кожная з іх ясна выказала сваю пазіцыю адносна ўсіх трох пытанняў рэферэндуму”. Палякі адкажуць на тры пытанні: ці яны за ўвядзенне аднамандатных выбарчых акругаў падчас парламенцкіх выбараў, ці падтрымліваюць фінансаванне палітычных партыяў з дзяржаўнага бюджэту і ці выказваюцца за тое, каб інтэрпрэтацыя падаткавага заканадаўства адбывалася ў карысць падаткаплацельшчыка. Рэферэндум будзе сапраўдным, калі ў ім возмуць удзел, прынамсі, палова выбаршчыкаў, хаця прэзідэнт лічыць, што ў будучыні ад гэтага парогу яўкі варта было адмовіцца. Прэзідэнт заявіў, што рэферэндум, у прыватнасці ў справе аднамандатных выбарчых акругаў, гэта не толькі выкананне яго выбарчага абяцання. Людзі павінны мець большы ўплыў на выбар сваіх прадстаўнікоў у Сойме, Сенаце і мясцовых ораганаў улады, і гэта ўжо выдатна спрацавала пры мясцовых выбарах: войтаў, бурмістраў і прэзідэнтаў гарадоў. „Павелічэнне непасрэднай ролі грамадзян у працэсе прыймання рашэнняў, важных для дзяржавы, і пошук разумнага кампрамісу магчыма мешанай выбарчай сістэмы, падобнай на нямецкую, павінна быць прадметам абмеркавання Сойму, абранага ўвосень,” – заявіў Камароўскі, якому засталося яшчэ 6 тыдняў на пасадзе прэзідэнта краіны. Ён заклікаў грамадзян да актыўнага ўдзелу ў рэферэндуме і выяўленне грамадзянскай актыўнасці. Па словах Камароўскага, мешаная сістэма не азначае маргіналізацыі партыяў, бо без іх няма дэмакратыі, але партыі трэба падахвоціць да большага высілку і каб яны больш улічвалі думку грамадзян.
Аднамандатныя акругі былі галоўным выбарчым лозунгам “антысістэмнай выбарчай праграмы” Паўла Кукіза, які неспадзявана набраў больш як 20% галасоў. Рэферэндум разлічаны на тое, каб паказаць слабасць і непапулярнасць яго праграмы. Ён цвердзіў, што галасаванне не на партыю, але на чалавека ўтаймуе ўсеўладдзе буйных партыяў, карупцыю, непатызм і некампетэнтнасць чыноўнікаў. Выбаршчыкі будуць галасаваць за чалавека, якога ведаюць, а не на таго, каго паставіць партыя за заслугі перад ёю. Аднак некаторыя лічаць, што цяперашняя прапарцыйная партыйная сістэма спрыяе абмежаванню колькасці партыяў у Сойме. Гэта ў сваю чаргу дазваляе сфармаваць аднапартыйны ўрад, што спрыяе яго стабільнасці і больш адназначнай становіцца яго адказнасць за кіраванне. Апроч таго пры цяперашняй сістэме больш шанцаў маюць прадстаўнікі этнічных меншасцяў і жанчыны.
Многія аглядальнікі называюць рэферэндум «зязюліным яйкам», падкінутым грамадству. З прычыны зместу пытанняў у разгар выбарчай кампаніі ўсплёск эмоцыяў падагрэе атмасферу ў грамадстве і ўдарыць па «руху незадаволеных» Кукіза і найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць». Возьмем першае пытанне: Аднамандатныя акругі не маргіналізуюць партыю, а з прычыны сваёй вядомасці партыйныя прадстаўнікі і так будуць мець перавагу над малавядомымі непартыйнымі кандыдадатамі. Адносна фінансавання партыяў з бюджэту, за што выступае «Права і справядлівасць», большасць адкажа, што яны не хочуць плаціць на партыі, а калі ўжо мусяць, то чаму толькі на тыя найбуйнейшыя, а не на тыя меншыя, якія ім больш даспадобы? У выніку апазіцыя будзе выглядаць у вачох вырашчыкаў як ласая на грошы. А што тычыцца трэцяга пытання, інтэрпрэтацыі сумненняў у падаткавых справах на карысць падаткаплацельшчыка, дык гэта ўвогулу недарэчнае пытанне. У заканадаўстве кожнае сумненне працуе ў карысць падсуднага. Гэта норма. Падаткавая інспекцыя мае заўсёды рацыю, як афіцэр у параўнанні з радавым, і ніякі рэферэндум не ўтаймуе чыноўніцкага самавольства. У цэлым рэферэндум гэта даволі хітры ход уступаючага прэзідэнта і кіруючай партыі, але іх спадзяванні могуць не апраўдацца.