«Агаворачка па Фрэйду»



Сёння ўвесь свет сур’ёзна занепакоены рэальнай пагрозай уварвання Расейскай Федэрацыі ва Ўкраіну. Замежная разведка нават называе прыблізны тэрмін – канец студзеня-пачатак лютага 2022 года. Напрыклад, нямецкая газета-таблоід Bild апублікавала схему нападу, якая складаецца з двух сцэнараў: з Крыма і акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей і ўварванне ў тры этапы – на поўдзень Украіны, потым на паўночны ўсход і на Кіеў з поўначы.

Схема нападу РФ грунтуецца на ацэнках крыніц з украінскай разведкі і НАТА. А вядомыя ўкраінскія палітыкі заклікаюць грамадзян рыхтаваць дома так званы «трывожны чамадан», тобок сабраць дакументы, сезонныя рэчы і медыкаменты для ўсіх члонкаў сям’і, мець запас прадуктаў на некалькі дзён. Натуральна, пры такой перспектыве сустрэча Новага года менавіта ў гэты раз для ўкраінцаў сур’ёзна азмрочана. Хоць і радыё, і тэлебачанне, па традыцыі, мільгаюць святочнымі перадачамі. І вось днямі ў студыю аднаго заангажаванага тэлеканала на прамы эфір была запрошана першая лэдзі дзяржавы. Спявала салаўём аб навагоднім застоллі, аб сямейнай сутнасці свята, аб карысных стравах, прыгатаваных сваімі рукамі. Бо ўсё зараз так даступна! І прывяла прыклад. Але… спачатку пераблытала хек са скумбрыяй, а затым агучыла цану, за якую яе сям’я купляе гэтую самую скумбрыю – 8 грыўняў за кілаграм. Пры рэальным кошце 80-90 грыўняў. І ў імгненне вока першая лэдзі ператварылася ў гераіню Інтэрнэт-мема.

Цяпер украінцы прапануюць аб’явіць 2022 год не годам тыгра, а скумбрыі. Ці ж да цаны кілаграма рыбы дадаць яшчэ столькі ж і купіць бохан хлеба. Праўда, першая лэдзі потым у Інстаграм патлумачыла, што гэта была ўсяго толькі агаворка, што яна зусім не гэта хацела данесці суайчыннікам. Сумна, што ЯНЫ такія далёкія ад людзей, ад іх праблем і тым больш ад рэальных знешніх пагроз.

 З Новым годам! Зычу ўсім здароўя і смачнай запечанай (салёнай, смажанай, вэнджанай) скумбрыі на святочным стале! І прывітанне старому Фрэйду!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ