Ахвяры тэлевізара
Як бы я не пазбягала, але мне чамусьці час ад часу даводзіцца вяртацца да тэмы сяброў з Расейскай Федэрацыі. Гаворым пра надвор’е, прачытаныя кнігі, прагледжаныя фільмы, падарожжа. І… «любоў да Украіны». Толькі пра іх любоў: саўковую, шараварна-вышываную ў кантэксце хору ім. Вяроўкі, без спасылак на рэаліі. Але нашая апошняя размова нечакана набыла агрэсіўны характар – намалявалася «любоў да Беларусі». Не, да “Белоруссии”. І пераканаць іх, што краіны з такой назвай няма на карце свету, апынулася проста немагчымым.
Праведны гнеў з усім размахам абрынуўся на людзей, якія выходзяць на мірны пратэст. Маўляў, чаго яны, гэтыя лайдакі, хочуць? У краіне парадак, няма беспрацоўя, ва ўладзе найгодны з усіх годных, праваахоўныя органы працуюць на энтузіязме, няма карупцыі. Дурныя гэтыя беларусы, хай паглядзяць, да чаго давёў украінскі Майдан. Праводзяць свае шэсці за амерыканскія і еўрапейскія грошы. Хто іх там чакае – у Амерыцы і Еўропе? Ім трэба хутчэй аб’ядноўвацца з Расеяй, каб дур заакіянская канчаткова не звяла з розуму. На мае слушныя заўвагі, што міліцыя ўжывае да мірных грамадзян абсалютна супрацьпраўныя меры, адмахваюцца: хлусня, ім па тэлевізары лепш відаць.
На заўвагі, што львоўскі «Беркут» на каленях стаяў перад сваім народам, вымольваючы дараванне за сілавы разгон дэманстрантаў, адказваюць: сволачы, змянілі прысязе. Але самае жудаснае, што людзі, маючы магчымасць чэрпаць інфармацыю не толькі «з тэлевізара», проста не хочуць бачыць нічога іншага, што, магчыма, супярэчыць афіцыйнай расейскай прапагандзе. І пры гэтым яны добрыя, душэўныя, культурныя і выхаваныя – нашы сябры, былыя грамадзяне Украіны і цяперашнія (апошнія 20 гадоў) грамадзяне Расейскай Федэрацыі – ахвяры «тэлевізара». І як мець зносіны далей?