„Антыпабрацім”



Ва ўкраінскім Чарнігаве ў апошні дзень траўня адбылася першая пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ на тэрыторыю Украіны сесія гарадскога савета. Мясцовыя дэпутаты аднагалосна прынялі рашэнне разарваць партнёрскія адносіны з Гомелем. З 2001 года Чарнігаў і Гомель былі гарадамі-пабрацімамі і сапраўды цесна супрацоўнічалі. Напэўна, тэрытарыяльная блізкасць, а прымежны Чарнігаў усяго ў ста кіламетрах, найболей спрыяла збліжэнню: прасцей праводзіць культурныя мерапрыемствы, спартовыя спаборніцтвы і адпраўляць адзін да аднаго розныя дэлегацыі. Але гэта на афіцыйным узроўні. А паміж сабой гарады наладзілі знакамітыя гандлёвыя кантакты задоўга да 2001 года. На чарнігаўскіх рынках беларуская згушчонка і сметанковае масла карысталіся шалёнай папулярнасцю. І наадварот, чарнігаўцы балавалі гамяльчан украінскім каньяком і цукеркамі. Яшчэ прыклад: блізкія сябры маіх бацькоў рэгулярна вазілі сваіх сабак на выставу ў Гомель, бралі прызы і атрымлівалі замовы на шчанюкоў. Увогуле, людзі жылі-сябравалі, з разуменнем ставіліся да абмежаванняў, звязаных з пандэміяй, і не ведалі, што горшае наперадзе.

Усім вядомая пуцінская марыянетка прадставіла беларускую зямлю як плацдарм для войскаў РФ, не спытаўшыся ў свайго народа. Ды і не яго гэта народ, і мова не яго, і краіна не яго, і ўсё беларускае яму чужое. Але дзяржава пакуль у ягоных руках. І менавіта з Гомельскай вобласці запускаліся ракеты па Чарнігаве. Як следства – сотні ахвяр і разбурэнняў. Асуджаць рашэнне Чарнігаўскай гарадской рады аб разрыве партнёрства з горадам-пабрацімам наўрад ці варта.

Як сказаў гарадскі галава, пасля перамогі ў гэтай вайне наперадзе новыя адносіны з новымі дэмакратычнымі лідарамі Беларусі. А гісторыя добра засвоіла гэты ўрок. Тым больш, што для ўкраінцаў слова „пабрацім” у гэтай вайне мае святы сэнс.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ