Асаблівыя адносіны
Напэўна ў кожнага чалавека ёсць свае асаблівыя адносіны з некаторымі з’явамі, а то і з пэўнымі рэчамі ці нават прадметамі. Напрыклад, у майго бацькі пастаянна ўзнікалі непаразуменні з абуткам: то матузок сам па сабе завяжацца на пяць вузлоў (госці за сталом пачыналі нервавацца, назіраючы за гэтымі пакутамі), то перад выхадам на вуліцу ён мог выявіць у чаравіку «прывітанне» ад коціка, то марская хваля з дзікай сквапнасцю назаўсёды праглыне яго пляжны шлёпанец.
Але больш за ўсё мне запомнілася адна трагікамічная гісторыя, якая адбылася з італьянскімі пантофлямі – бацька прывёз іх з Рыма. Гэта была шыкоўная і вытанчаная пара абутку, якая каштавала ўсяго 5 €, і, на яго думку, такую павінны былі насіць выключна мафіёзі з Каза Ностра. Таму што яны былі белымі. Пантофлі захоўваліся для асаблівага выпадку.
І вось прыйшоў момант сур’ёзнай здымкі на тэлебачанні. Бацька вельмі адказна паставіўся да свайго знешняга выгляду, старанна падбіраў вопратку, прадумляў розныя камбінацыі, каб яна гарманіравала з пантофлямі. Вобраз быў гатовы. Пасля здымкі патэлефанаваў маме і ўсхвалявана сказаў, што здарылася катастрофа: з абодвух пантофляў сінхронна зляцелі падэшвы ў першы ж дзень нашэння. Да таксі давялося ісці басанож. Дома тату сустрэў яхідны мамчын погляд і пытанне: «А што яшчэ прадавалася ў гэтай краме?». Здагадка разарвалася, як снарад: «Вельмі прыгожыя касцюмы з белымі кашулямі і гальштукамі, але чамусьці ўсе аднатыпныя». Цяпер тата разумеў неадназначную рэакцыю прадаўца, калі прымерваў гэтыя пантофлі – гэта была рытуальная крама.
Але пантофлі былі сапраўды дзівоснымі.