Авантура: забарона і дазвол



Набліжаюцца праваслаўныя Дзяды, якія традыцыйна адзначаюць на дзявяты дзень пасля Вялікадня. Радаўніцу ў народзе таксама называюць Вялікаднем для мёртвых. У гэты дзень людзі імкнуцца наведаць магілы памерлых сваякоў, схадзіўшы перад гэтым у царкву на паніхіду. Але, як летась, перасекчы мяжу з Украіны ў Беларусь не тое што праблематычна, а практычна немагчыма. Наземная беларуская мяжа зачынена ўладамі з мэтай супрацьдзеяння распаўсюджванню каронавіруснай інфекцыі. І кропка. Украіна грунтоўна асела ў пераліку краін «чырвонай зоны», у якіх рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVID-19. Пры гэтым нават статыстычна яна больш паспяховая, чым Расейская Федэрацыя, хоць апошняя знаходзіцца ў «зялёнай зоне». Абсурд. А ў Беларусі афіцыйна каранціну няма. 

Мы з маці зноў не можам прыехаць на Заходнія могілкі Менска, каб проста пабыць на магіле бацькі. Гатовыя здаць хоць дваццаць пяць тэстаў пры выездзе і ўездзе. Але, на жаль… І зноў каравулім аўтобус умоўна Украіна-Беларусь, каб проста спытаць у кіроўцы, ці ёсць якія-небудзь шчыліны для спрыяльнага перасячэння мяжы.

Кіроўца (дарэчы, без маскі, хоць вязе пасажыраў з «чырвонай зоны») ахвотна дзеліцца авантурнымі варыянтамі: візіт да блізкага сваяка (Хросны, ну чаму мы з табой не адной крыві!), падробленае запрашэнне на працу (ау, працадаўца, вазьмі нас з маці на працу хаця б на тры дні!), паездка з мэтай лячэння (менскі дантыст, вырві мне зуб!), камандзіроўка (падазраю, што гэта квіток у адзін канец).

Нясмела пытаем: ці многім украінскім грамадзянам беларускія памежнікі адмаўляюць ва ўездзе? Адказ: з аўтобуса пяць-дзесяць пасажыраў, якія моляць упусціць у Беларусь на магілы сваякоў, таму што проста больш няма каму прыбраць, пакласці кветкі, паставіць помнік, выраўнаваць магільны пагорак, непасрэдна з мяжы вяртаюцца ва Украіну бліжэйшым рэйсам. Адным словам, пакуль туды шлях зачынены. Толькі набліжаецца пытанне: хто і па якіх прычынах штодня ездзіць аўтобусам умоўна Украіна-Беларусь?

 Можа, і нам пашанцуе?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ