Без прэтэнзіі на некралог
Першы Прэзідэнт незалежнай Украіны Леанід Краўчук – асоба неадназначная. І не толькі на думку саміх украінцаў. Жыццё пражыў доўгае, складанае і не заўсёды сытае. І быў апошнім выжылым аўтарам Белавежскіх пагадненняў, памёр роўна праз тыдзень пасля смерці Станіслава Шушкевіча. Адны лічаць Краўчука вінаватым у цяперашняй вайне: адмова ад трэцяга ў свеце ядзернага арсенала, успадкаванага ад Савецкага Саюза ў пачатку дзевяностых гадоў – адна з галоўных перадумоў. Другія лічаць Краўчука сапраўды гістарычнай асобай, якая стала „далакопам” СССР. Так, быў хамелеонам і хітрым лісам. Здолеў аператыўна перафарбавацца з чырвонага ў сіне-жоўты. І гэтая здольнасць адаптавацца да абставінаў, якія хутка змяняюцца, часта абыгрывалася народам у анекдотах. Чаго толькі вартая «краўчучка» – вялікая гаспадарчая сумка-каляска на колцах! Дарэчы, мая бабуля-ўкраінка ні за што ў жыцці ад яе не адмовіцца.
Хаця з-за гэтай грамадзіны, якая стаіць на балконе, спатыкнуўшыся, можна лёгка застацца інвалідам.
Як любы палітык, Леанід Макаравіч меў свае плюсы і мінусы. Але за развал турмы народаў у Белавежскай Пушчы ён варты павагі. І яго любоў да Ўкраіны не падлягае сумневу. Сваё месца ў найноўшай гісторыі ён ужо заняў. Усё астатняе, як казаў Краўчук, – “маємо те, що маємо”.