«Быць людзьмі»



Бункерны дзед не скарыстаўся сакральным значэннем Дня Перамогі, каб афіцыйна аб’явіць вайну Украіне, а разам з тым і ўсеагульную мабілізацыю. Пакуль ён не адмовіўся ад тэрміна «специальная операция». Але гэта не значыць, што не патрабуе гарматнага мяса. Скрытая мабілізацыя ўсё ж мае месца. Цяпер маленькі экскурс у часы дваццаціпяцігадовай даўніны. Маладая ўкраінская медсястра, па сумяшчальніцтве маміна аднакласніца і сяброўка, вырашыла шукаць жаночае і фінансавае шчасце ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. І тое, і другое знайшлося даволі хутка. Праўда, з медыцынай прыйшлося растацца: інжынер свідравых тэхналогій – прафесія больш запатрабаваная. Кожны год з мужам і сынам яна праводзіла вакацыі ў родным горадзе. Бацькі і сябры – гэта так люба сэрцу! Тым больш, што сябры прынялі яе мужа ў сваё кола, як роднага. Але ў 2014 годзе ўехаць на тэрыторыю Украіны мужчыне прызыўнога веку з расейскім пашпартам стала праблематычна. Жонку з украінскім пасведчаннем аб нараджэнні пускалі, а яго кожны раз мучылі памежнікі. Але выйсце знайшлося: бацькі жонкі штогод на яго імя рабілі натарыяльнае запрашэнне і прымацоўвалі медыцынскія даведкі аб тым, што патрабуюць догляду. Ніхто і ніколі сярод сяброў не падазраваў іх у прарасейскай пазіцыі. І ніхто не засумняваўся ў іх пазіцыі пасля 24 лютага гэтага года. Затое ўсе спалохаліся магчымасці ўсеагульнай мабілізацыі, бо ў прызыўным веку аказаўся не толькі муж мамінай сяброўкі, але цяпер яшчэ і яе сын, у якога родныя бабуля і дзядуля – украінцы. І тады бацька і сын агучылі сваё рашэнне: калі патрапяць на фронт – здацца ў палон. Каб не страціць сумленне і мець права называцца чалавекам, а не акупантам. Галоўнае, каб хапіла духу. Галоўнае, каб не перадумалі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ