Чужая забава



Ва Ўкраіне, як і ў бліжэйшых краінах-суседках, расце колькасць спробаў самагубства сярод падлеткаў. Напрыклад, у мінулым годзе статыстыка налічвала 123 чалавекі ва ўзросце 13-17 гадоў, а ўжо ў пачатку сакавіка гэтага года афіцыйна зафіксаваныя 25 выпадкаў самагубстваў і 91 спроба ўчыніць такія дзеянні. Ювенальная паліцыя і псіхолагі звязваюць гэта з актывізацыяй так званых «груп смерці», якія некалькі гадоў таму з’явіліся ў Расеі і «прыпаўзлі» у выглядзе «Сіняга кіта» у Беларусь і ва Ўкраіну.

Звычайна аб’ектамі такіх груп становяцца падлеткі з праблемамі асабістага характару дома або ў школе. І зусім не абавязкова гэта павінны быць дзеці з праблемных сем’яў. Калі раней падлеткі аб’ядноўваліся ў субкультуры з мэтай зацвярджэння сілы свайго «Я», збіваючыся ў чароды, адчуваючы калектыўны аўтарытэт і сваю асабістую прыналежнасць да яго, то і выходзілі з гэтых жывых зносін, у асноўным, бязбольна і часцяком з добрым досведам. Цяпер жа сучасныя субкультуры сышлі ў сетку. Падлетак, які рэгулярна знаходзіцца ў віртуальным свеце, мае зносіны і жыве ў падобных групах, адчувае сваю значнасць і выключнасць, асабліва калі выконвае пэўнае заданне. А «дзякуючы» таму, што сувязь з адміністратарам адбываецца менавіта ў рэжыме анлайн, чалавек адчувае сябе больш раскаваным, не задумваючыся пра тое, што насамрэч ён падуладны чужой волі.

Што характэрна, гэтыя групы створаны тымі, хто добра арыентуецца ў дзіцячай псіхалогіі: іх адміністратары ўваходзяць у давер, становячыся «сваімі», а сапраўды карыстаючыся тым, што дзіця кімсьці не зразуметае, ці не пачутае, прасцей кажучы, у дадзены момант мае нейкую праблему. Часта адным з заданняў для ўдзельніка з’яўляецца абуджэнне ўначы ад рэзкага гуку будзільніка ў нетыповы для біялагічнага рытму час, з прычыны чаго павышаецца ўзровень трывогі і ўнушальнасці. І менавіта тады даецца ўстаноўка прайсці квэст, сутнасць якога – гвалт над сабой. Напрыклад, заклік памерці прыгожа: у прамым эфіры альбо ж напісаць душашчыпальныя радкі пра бессэнсоўнасць жыцця і ўвекавечыць сябе як Абранага.

Вынікі сумныя. Толькі пытанне, каму гэта трэба і хто сапраўды залучае падлеткаў у сваю фатальную гульню, пакуль застаецца без адказу…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ