Да парада гатовы!



Другая армія ў свеце зараз можа ганарліва насіць званне «Армія марадзёраў-2022». У Крымінальным кодэксе Украіны марадзёрства мае дакладнае вызначэнне: выкраданне на поле бітвы рэчаў, якія знаходзяцца пры забітых ці параненых. Караецца пазбаўленнем волі тэрмінам ад трох да дзесяці гадоў. Але як крымінальнае злачынства, яно выходзіць за рамкі нацыянальнага і прызнаецца міжнародным правам. Больш за тое, яшчэ зусім нядаўна ў сусветнай юрыдычнай практыцы былі выпадкі, калі марадзёраў прыгаворвалі да смяротнага пакарання праз расстрэл.

Фактычна атрымліваецца так, што украінскі закон абмяжоўвае месца злачынства полем бою, а міжнароднае права дае вызначэнне значна шырэй і ўключае выкарыстанне для рабавання і разбою бездапаможнага стану жыхароў тых тэрыторый, дзе праходзяць баявыя дзеянні, альбо якія акупаваны, альбо дзе адбыліся катастрофы ці мелі месца іншыя трагічныя акалічнасці. Служба бяспекі Украіны рэгулярна перахапляе тэлефонныя размовы „освободителей”, у якіх яны паведамляюць сваякам аб здабычы ў вайне. Крадуць ад бытавой тэхнікі да, пардон, жаночай ніжняй бялізны.

Былі выпадкі, калі зрывалі стары лінолеўм і выкалупвалі дошчачкі паркета. Дык вось, на другім канцы провада жонкі і маці акупантаў мала таго, што ўхваляюць марадзёрства, дык яшчэ і просяць прывезці (даслаць) канкрэтныя рэчы. Напрыклад, у Ірпені была абрабавана кватэра людзей, якія маюць дачыненне да спорту. Але адзін з «герояў» крыху спазніўся: удалося ўзяць толькі некалькі фірмовых футболак і вітаміны для спартсменаў. Яго незадаволеная жонка параіла наступным разам быць у першых шэрагах і абавязкова прывезці ёй спартыўны строік.

Колькі тон нарабаванага было аформлена праз службы дастаўкі Мазыра і Гомеля – вядома аднаму Пану Богу. І з якой дзюркі вылезлі «вызваліцелі», калі бралі тое, чым пагрэбаваў бы радавы, але паважаючы сябе злодзей?

Парад прасаў, міксераў і пральных машын варты Краснай плошчы. Затое ўрокі ветлівасці ад Узброеных Сіл Украіны засвоілі амаль 25 тысяч вайскоўцаў РФ. Няхай спакойна спяць сваім «двухсотым» сном.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ