Дарога ў пекла
Кожны чалавек мае права выбіраць для сябе той шлях, які будзе для яго аптымальным. Хтосьці марыць пра будучую прафесію з дзяцінства, хтосьці спрабуе сябе ў розных сферах, пакуль канчаткова не вызначыцца, што знайшоў менавіта тое, што хацеў. Але гэта тычыцца людзей мэтанакіраваных і маральна шчасных. Нехта ж зварочвае з вызначанай дарогі ў сілу абставінаў або па слабасці, не здолеўшы супрацьстаяць выпрабаванням, якія падае жыццё.
Мова пра нарказалежных. Па статыстыцы, ва Украіне звыш паўтара мільёна людзей ужываюць наркатычныя рэчывы. Гэта тыя, хто афіцыйна пастаўлены на ўлік у наркалагічных дыспансерах. Натуральна, што ёсць і неафіцыйная статыстыка – рэальная. Трэцяе месца ў свеце па рызыцы смяротнасці з-за ўжывання наркотыкаў і пятае – па ўзроўні смяротнасці з-за злоўжывання псіхаактыўных рэчываў. Слабы доступ да неабходнай медыцынскай дапамогі ў гэтай сферы і нізкая яе якасць справакавалі актыўнае з’яўленне, як грыбы пасля дажджу, прыватных рэабілітацыйных цэнтраў. Здавалася б і альтэрнатыва, здавалася б і ўмовы, на першы погляд, набліжаныя да хатніх, але ў праваахоўнікаў гэтыя цэнтры выклікаюць шмат пытанняў.
Ва Ўкраіне прымусовая наркалагічная дапамога ёсць супрацьзаконнай. Ніхто не можа быць пазбаўлены волі, калі няма прысуду суда. А рэабілітацыйныя цэнтры не абмяжоўваюць свабоду, а ў прамым сэнсе яе пазбаўляюць. І надоўга: чым даўжэй знаходжанне нарказалежнага ў цэнтры, тым больш фінансавых уліванняў з боку сваякоў у казну ўстановы. Юрыдычна такія арганізацыі не маюць статусу медыцынскіх, а працуюць у рамках гаспадарчай дзейнасці па аказанні сацыяльнай дапамогі асобам, хворым наркаманіяй. Іх памяшканні знаходзяцца на ўскраінах гарадоў альбо ў вёсках, далей ад непатрэбных вачэй. На вокнах рашоткі, тэрыторыя агароджаная высокімі плотамі. Працаўнікі – практычна ўсе былыя нарказалежныя. Адзін з эфектыўных метадаў лекавання – поўная адсутнасць у „пацыента” сувязі са знешнім светам: таму ў людзей забіралі мабільныя тэлефоны. А насамрэч, каб не было магчымасці распавесці аб фактычным рабстве і фізічным гвалце сваякам. Працаўнікі цэнтраў факт канфіскацыі тэлефонаў тлумачылі асаблівасцямі тэрапіі. Калі «пацыент» бунтаваў, яму калолі псіхатропныя рэчывы для ўціхамірвання.
Людзі, якім удалося адтуль вырвацца, звярталіся да праваахоўнікаў, у выніку чаго былі выкрытыя дзясяткі злачынных арганізацый, якія дзейнічаюць пад шыльдай рэабілітацыйных цэнтраў. Пра тое, якія даходы атрымлівалі кіраўнікі цэнтраў, можна толькі здагадвацца.
Мукі рэабілітацыі – часовыя, мука хваробы – вечная. Такая ідэалогія чалавека, які адужвае. Добрыя намеры. А імі, як вядома, вымашчаная дарога ў пекла.