Дзівакаватая бабуля



Часам так здараецца, калі старонні чалавек становіцца да такой ступені неад’емнай часткай твайго жыцця, што яго можна назваць членам тваёй сям’і ці, як мінімум, блізкім сябрам. Ты пачынаеш пранікацца яго жыццём, задумваешся над яго паўсядзённымі праблемамі, якія ўжо падсвядома вырашаеш ў сябе ў галаве, турбуешся пра яго здароўе, перажываеш.

Ужо некалькі месяцаў, амаль кожную раніцу, калі я еду на вучобу, заўважаю жанчыну вельмі шаноўнага ўзросту. У яе запамінальныя рысы: даўгаваты нос, смуглявая маршчыністая скура і ўсмешка, якая амаль ніколі не знікае з твару. З ярка-рудых валасоў прабівалася сівізна, а на ёй – кожны раз адна і тая ж шапка, якую, мабыць, яна ж і звязала. Кожны раз, заходзячы ў аўтобус, я шукаю вачыма гэтую бабулю, і кожны раз, убачыўшы яе там, я задаюся пытаннем: куды можа ехаць пажылая жанчына кожную раніцу ў адзін і той жа час?

Аказваецца, не адна я яе заўважаю. Яе заўважыла і мая суседка, якая ездзіць са мной. Гэтая жанчына распавяла гісторыю дзіўнай бабулькі: «У яе была сям’я, але пры трагічных абставінах бабуля страціла адразу мужа і сына, і, каб не звар’яцець на сваім горы, яна прыдумала сабе такую забаўку – садзіцца ў аўтобус і ездзіць па адным і тым жа маршруце. Пры гэтым яна заводзіць дыялог абсалютна з любым чалавекам, які сядзе побач з ёй».

Даведаўшыся пра яе гісторыю, я пачала прыслухоўвацца: пра што яна гаворыць са сваімі суразмоўцамі. Калі мне ўсё ж такі ўдалося зразумець, што яна так захоплена распавядае і чаму так размахвае рукамі пры гэтым – я была здзіўленая. Як аказалася, у маладосці Яўгенія была інжынерам-праекціроўшчыкам металаканструкцый. Яна з вялікім гонарам апавядала пра тое, што гэтыя чарцяжы амаль усіх дамоў горада належаць менавіта ёй. Пры гэтым, яна не выглядала славалюбнай, наадварот, прымушала ўсіх суразмоўцаў глядзець на яе з глыбокай удзячнасцю.

Аднойчы я вырашыла да яе падсесці, і з таго часу я так да яе прывязалася, што, калі раптам не бачу яе ў аўтобусе, пачынаю нервавацца.

Неяк я абмянялася з бабуляй нумарамі і адрасамі. Калі раптам ёй спатрэбіцца дапамога – у яе заўсёды ёсць чалавек, да якога яна можа звярнуцца. Ведаючы тое, што яна самотная, я вырашыла адправіць ёй святочную паштоўку. І… крыху схітраваць: падпісала паштоўку не сваім імем, а імем яе калектыву.

У чарговы раз, падсеўшы да бабулі ў аўтобусе, яна, захлынаючыся, распавядала пра тое, што атрымала віншавальную паштоўку з арганізацыі, дзе прапрацавала сорак гадоў, пра тое, што ўсе памятаюць пра яе металаканструкцыі, і ўсё, што яна рабіла ў маладосці – мае асаблівую каштоўнасць для многіх людзей. Радасць бабулі была да такой ступені вялікая, што цэлы тыдзень яна распавядала кожнаму чалавеку, які сядаў побач, пра гэтую паштоўку.

Аказваецца, некаторым людзям для шчасця трэба зусім мала – з кімсьці пагаварыць і падзяліцца сваёй радасцю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ