«Дзяды: закладнікі абставінаў»



Праз тыдзень пасля праваслаўнага Вялікадня надыходзіць галоўны памінальны дзень у годзе – Дзяды. Па царкоўных канонах ён адзначаецца ў аўторак пасля Велікоднага тыдня, але і ва Украіне, і ў Беларусі на могілкі прынята хадзіць у нядзелю, калі людзі вольныя ад працы і ўся сям’я ў зборы. Кабінет міністраў Украіны прыняў рэкамендацыйнае рашэнне з нагоды наведвання могілак, але ў ім не прапісана прамая забарона. Усё залежыць ад свядомасці людзей. Многія рэгіянальныя мясцовыя ўлады проста закрылі могілкі для наведвальнікаў, усталяваўшы пасты паліцыі. Гэта тычыцца вялікіх гарадоў, але пракантраляваць наведванне могілак у мястэчках і вёсках практычна немагчыма. Ужо вядомыя выпадкі, калі людзі, ігнаруючы забарону, проста пералазілі праз платы могілак, каб хоць нейкім чынам пракрасціся на магілы.

Адзінае, што рэальна немагчыма – гэта наведаць магілы сваякоў беларусам ва Украіне і ўкраінцам ў Беларусі з прычыны закрыцця межаў. Пяць абласцей Украіны мяжуюць з Беларуссю, і, адпаведна, шматвяковыя сваяцкія сувязі злучаюць абодва народа. Так атрымалася, што роўна год таму ў гэтыя дні мы з сямʼёй трапілі ў сітуацыю, калі выехаць з Гомля ў Чарнігаў было вельмі праблематычна. Людзі прасілі кіроўцаў узяць іх у аўтобус і ехаць стоячы. На пунктах пропуску ўтварыліся вялізныя чэргі. Ёсць традыцыя ў памінальныя дні ладзіць на могілках сапраўдныя застолля, што, у прынцыпе, царква не падтрымлівае, таму што галоўны абавязак кожнага хрысціяніна – гэта ўсё ж такі малітва за памерлых сваякоў. І, вядома, тое, каб магілы былі ў чысціні. Наколькі гэта магчыма.

Мой тата пахаваны ў Менску, і, знаходзячыся там у канцы лютага, мы з мамай прынялі рашэнне вярнуцца да памінальных дзён, каб навесці там парадак, улічваючы тое, што ўмовы надворʼя не дазвалялі гэтага зрабіць тады. Але, на жаль, пандэмія ўнесла свае карэктывы. Думаю, што шматлікія людзі засмучаныя, што гэтак жа, як і мы, у сілу абставінаў ня могуць наведаць памерлых родных. Спадзяюся, яны нам даруюць. Застаецца толькі малітва.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ