«Гартаючы стары альбом…»



У жыцці існуе шмат рэчаў, над якімі варта задумацца. Існуе мільён праблем, якія трэба тэрмінова вырашыць. Шмат прычын для радасці, для суму і столькі ж падстаў для таго, каб скакаць ад шчасця ці хацець пакласці галаву на плаху. Існуе мноства розных адказаў на адно пытанне. Існуе непамерная колькасць магчымасцяў, якія кожны з нас можа выкарыстаць, і такая ж колькасць мараў, якія можа здзейсніць. Ну… хоць бы прыкласці нейкія намаганні, каб стаць на крок бліжэй да іх.

Кожны з нас мае ўласные лекі, якія ратуюць яго нават ад паганага настрою. Для мяне лекі – гартаць стары альбом: паглыбляешся ў тыя падзеі, якія адлюстраваныя на фатаграфіі. Пэўна, адна з любімых спраў – углядацца ў пажоўклыя здымкі, прыдумляць сюжэт і ўмовы, пры якіх яны атрымаліся.

Гартаю, гартаю… Студыйнае партрэтнае фота: вусны нацягнутыя «штучнай» усмешкай, прыўзняты бровы, ненатуральны выраз твару, які стварае ўражанне пра чалавека, як пра паганага акцёра. Адразу думаю пра тое, як фатограф «дыктуе» свой вобраз, абсалютна не ведаючы ніводнай рысы характару, абсалютна не баючыся таго, што той ці іншы выраз можа не супадаць з унутраным станам таго, каго ён фатаграфуе. Мне гэта нецікава – неадкладна перагортваю старонку. Задуменная ўсмешка, пранікнёны погляд, які мае нейкі падтэкст, загадку, адказ якой невядомы нікому: ці то здзіўленне, ці то нейкую ўтоенасць. Пачынаю дадумваць працяг гэтай гісторыі, задаю сабе пытанне: чым быў заклапочаны чалавек падчас здымкі? 

Погляд прадзеда няўлоўна нагадвае погляд майго таты, цікава, што, акрамя погляду, у ім ад прадзеда? І – ланцужок: что ўва мне ад прадзеда?

Час ідзе… А я запальваю ўсё сваё ўяўленне і падсвядома разумею тое, што магу памыляцца. Міжволі пасміхаюся. Які ж кайф! 

За акном падае снег, па хаце разносіцца пах смажанай кавы, а я сяджу і адчуваю кропку вышэйшага асалоды, гартаючы стары альбом. Хутка прыйдзе маці, а я парадую яе сваімі новымі думкамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ