«Геній пераўвасаблення»



Як і любому чалавеку, мне часамі даводзіцца быць сведкам дзіўных і нават пацешных падзей. Але ад гэтага не менш сумных.

Цэнтр горада, ціхі ў абедзенны час двор. Нават мам з малымі няма. Мы, студэнты вучэльні, заходзім нешматлікім натоўпам у гэты двор папіць кавы ў шкляначках і пагутарыць. Першае, што кінулася ў вочы, – сутаргавыя рухі маладой жанчыны, якая нацягвае на джынсы доўгую цёмную спадніцу неахайнага выгляду і такую ж швэдру. Потым, зладзеявата азіраючыся, жанчына пачала хутацца ў хустку, прыкрываючы рот, нос, і пакідаючы толькі вочы. З ніадкуль у яе руках паўстала вялікая палка накшталт кія Дзеда Мароза і торба, якая нагадвала нейкую анучу. Убачыўшы на нашых тварах здзіўленне, жанчына паспяшалася схавацца.

Мы з сябрамі выпілі кавы і разбрыліся. Ідучы па горадзе, я раптам заўважыла гэтую жанчыну, якая стаіць на каленях каля супермаркета і просіць міласціну. Побач – абразок Божай Маці і скрыначка для грошай. Ух, махлярка! – першая думка. Потым – цікаўнасць. Бо я ж ведаю, што ёй гадоў не больш за трыццаць! Пальцы рук старанна зачыненыя рукавамі швэдры, каб не было відаць маладой скуры. І хрысціцца, і трасецца, і кланяецца. На пытанні мінакоў не адказвае, а толькі рыкае, пагаршаючы сваю недасканаласць, маўляў, немата ў яе. І што характэрна: моладзь праходзіць міма, не зважае на жабрачку. Затое старыя рэагуюць. Такімі ж дрыготкімі рукамі, толькі сапраўды такімі, дастаюць з кішэнь грошы і кідаюць ёй у скрыначку. Хтосьці кладзе побач хлеб і цукеркі, верачы, што «бабулька» галодная. А я назіраю. Потым, не вытрымаўшы, падыходжу і пытаю, маўляў, Вам не сорамна падманваць старых? «Пайшла ты!» – атрымліваю ў адказ ад нямой жабрачкі. Посах пад паху, хлеб і цукеркі – нагой. І пабегла. На зайздрасць самому паспяховаму спрынтару…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ