Каму падаруначак?



Паўтара гады таму ва Украіне адкрыліся платныя камеры ў следчых ізалятарах. Гэты эксперыментальны праект запусціла Міністэрства юстыцыі з мэтай напаўнення бюджэту не за кошт падаткаплацельшчыкаў, а са сродкаў тых, хто аказаўся ў месцах часовага абмежавання волі. Праз першыя поўгады чыноўнікі міністэрства зрабілі справаздачу, што бюджэт атрымаў 2,2 мільёна грыўняў, што эквівалентна 80 тысячам даляраў. Потым справаздачы спыніліся. Больш за тое, ў розных рэгіёнах Украіны дзейнічаюць свае расцэнкі: самыя дарагія камеры – ў Кіеўскім, Львоўскім і Запарожскім следчых ізалятарах, самыя танныя – у Чарнаўцах.

Кошт за месяц вагаецца ад 80 да 200 даляраў. Некаторыя ўкраінскія праваабаронцы прыняліся актыўна крытыкаваць такую ініцыятыву, маўляў, платныя камеры – гэта чыстай вады дыскрымінацыя па маёмаснай прыкмеце, бо дазволіць іх сабе могуць толькі забяспечаныя людзі, а астатнія вымушаныя жыць у аварыйных умовах. Дарэчы, ў межах аднаго СІЗА былі камеры з касметычным рамонтам і нармальнай мэбляй нараўне з іншымі, дзе не хапала ложкаў (людзі спяць па чарзе!) і няма зліўнога бачка.

Карупцыйны складнік у размеркаванні месцаў відавочны, а з увядзеннем платных камер неафіцыйныя плацяжы ўжо легалізаваныя. Тэарэтычна карыстацца камерамі з палепшанымі ўмовамі могуць усе без абмежаванняў па статусе, на практыцы – не. Ёсць некалькі сітуацый, калі гэта абсалютна немагчыма: альбо не хапае месцаў, альбо несумяшчальныя „суседзі” па камеры – жанчына і мужчына; праваахоўнік і грамадзянскі; той, хто трапіў упершыню, і той, хто ўжо быў асуджаны раней. У платных «апартаментах» ёсць прыстойная мэбля і амаль усе віды бытавой тэхнікі, у тым ліку мікрахвалёўка і кандыцыянер. Практычна ўсё, што неабходна чалавеку для камфортнага жыцця. За выключэннем свабоды.

І крыху лірыкі ад міністра юстыцыі Ўкраіны: «Вас запрасілі на Дзень народзінаў чыноўніка, суддзі ці палітыка? Усё яшчэ разважаеце над падарункам? Цяпер Мінюст прапануе новую паслугу – падарункавы сертыфікат на платную камеру ў СІЗА». І гэта цалкам сур’ёзна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ