Культура для дзікуноў



Жыцці украінцаў – гэта не адзіная мэта расейскай вайны ва Украіне. Ракеты і бомбы знішчаюць яе культурную спадчыну: універсітэты і бібліятэкі, цэрквы і музеі, тэатры і помнікі, мемарыяльныя комплексы і архітэктурна-гістарычныя запаведнікі. Гаагская канвенцыя 1954 года прыраўноўвае разбурэнне аб’ектаў культурнай спадчыны да ваенных злачынстваў. Фізічнае знішчэнне ўкраінцаў, як частка плана крамлёўскага шызафрэніка, паралельна адбываецца са знішчэннем украінскай ідэнтычнасці і культуры – таго, што адрознівае украінцаў ад рускіх і выкрывае міф аб «едином народе».

Гісторыкі і музейныя працаўнікі ратуюць артэфакты, перамяшчаючы іх у бяспечныя месцы, а анлайн-валанцёры займаюцца стварэннем рэзервовых копій лічбавых архіваў украінскіх музеяў. Адзін з самых багатых ва Украіне на экспанаты – Чарнігаўскі гістарычны музей імя Тарноўскага. Ён перажыў блакаду Чарнігава разам з супрацоўнікамі і жыхарамі горада: будынак музея стаў сховішчам падчас бамбардзіровак. А галоўнай мэтай было выратаваць і схаваць як мага больш экспанатаў – золата, зброі, каштоўнасцяў і ўнікальнай калекцыі фарфору 18 стагоддзя. Гэта ўдалося зрабіць у Чарнігаве.

Але, на жаль, у іншых гарадах Украіны многія экспанаты былі па-варварску знішчаны або вывезены ворагам, як «сувеніры». 

Дзікуны бачаць толькі матэрыяльны складнік, а культурная каштоўнасць музейнага экспаната для іх не большая за каштоўнасць пахавальнага вянка.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ