Любіць людзей



Чаму не існуе курсаў: як навучыцца любіць людзей? Па-за кантэкстам, без прычыны. Проста таму, што яны – людзі. Не дарагіх і блізкіх, якіх любіш апрыёры, а ўсіх людзей. Як з’ява, якая існуе ў прыродзе. Бо мы любім жывёлаў, і гэта пачуццё распаўсюджваецца на ўсе іх віды, падвіды, загоны і групы.

Любім мастацтва, хай нават аддаючы перавагу пэўным жанрам. Але – мастацтва ўвогуле! Любім прыроду і змену часоў года; святы і камфорт; гаджэты і кнігі; сваю працу і захапленні. Чаму любоў да людзей павінна адрознівацца ад іншай любові да жывога ці нежывога? Любячы жыццё, мы самі сябе адхіляем ад самага галоўнага яе складніка. З кожным разам усё больш пераконваюся, што чалавек самадастатковы і схільны да самаіроніі хутчэй прыме і даруе недахопы навакольных, чым той, які ўвесь час сумняваецца і вінаваціць ва ўсіх бедах іншых. Пачынаць трэба з самога сябе. Вядома, не губляючы пры гэтым уласнай годнасці.

Дратаванне, пагарда – тое, што перашкаджае вызваліць душу і сэрца для спагады, якая ёсць першым крокам да любові. Відавочна, што разумнага і светлага чалавека палюбіць прасцей; няшчаснага, хворага, абдзеленага лёсам – сам Бог загадаў. Любіць людзей, большасць з якіх альбо не твае аднадумцы, альбо тыя, хто пакрыўдзіў цябе, – вялікая праца. І вялікі шлях. У любым выпадку, любіць лепш, чым ненавідзець. І я гэтаму абавязкова навучуся.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ