Любіце…



Любіце жывёлаў – любоў вернецца: лёгкім дакрананнем вільготнага носа любімага сабакі ці ката; позіркам, напоўненым адданасцю. Любіце кветкі – і яны адкажуць Вам сваёй прыгажосцю і водарам. Любіце птушак – адораць ранішнім спевам і буркаваннем. Любіце посуд – віно стане больш высакародным, калі яго выпіць з прыгожага куфля; страва, прыгатаваная і сервіраваная ўмелымі рукамі, здабудзе асаблівую эстэтыку; звараная ў меднай турцы і разлітая ў мініяцюрныя кубкі кава дадасць нотку шаманства сяброўскай гутарцы.

Любіце цацкі – шчымлівы сімвал дзяцінства; кожная з іх памятае, як да Вас трапіла. Любіце кнігі – яны робяць Вас багацей і дасведчаней; а часам робяць зусім іншымі. Любіце музыку – і яна будзе гучаць у Вашай галаве нават тады, калі на Зямлі не будзе ніводнага гуку. Любіце грошы – яны не церпяць грэбавання; тут павінна быць стопрацэнтная ўзаемнасць.

 Любіце падарожжа – гэты наркотык, які выклікае залежнасць з моманту першага ўжывання і які патрабуе пастаяннага павелічэння дозы. 

Любіце ноч – гэты штодзённы шанец для адпачынку або для натхнення. 

Любіце Радзіму – гэта робіць Вас людзьмі. 

Любіце людзей – гэта не ператворыць Вас у жывёлаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ