“Мацней танкаў”



Сёння ўвесь свет гаворыць аб сітуацыі ва Ўкраіне. Сусветны Патрыярх і Папа Рымскі заклікаюць да ўсеагульнай малітвы. Замежныя дзяржавы рэкамендуюць сваім грамадзянам тэрмінова пакінуць яе тэрыторыю. З паводаў высокіх рызыкаў баявых дзеянняў многія авіякампаніі зрабілі анонс аб спыненні палётаў і продажы білетаў ад панядзелка, 14 лютага, хаця ўкраінскія ўлады заяўляюць, што неба над Украінай адкрыта і ніякіх рашэнняў аб яго закрыцці пакуль няма. Разам з тым, страхавыя кампаніі спыняюць страхаванне самалётаў.

Напал адносна патэнцыйнай пагрозы з боку РФ зыходзіць, у асноўным, ад сусветных сродкаў масавай інфармацыі. Але ж закрыццё паветранай прасторы – гэта выключна суверэннае права Ўкраіны. Зараз аб паніцы. Актывізаваць страх – ці не гэта задача ворага? У чарговым відэазвароце Прэзідэнт Зяленскі заклікае сваіх грамадзян захоўваць спакой і веру ў сваю дзяржаву, не бегчы за грэчкай і запалкамі. Аднак словы Прэзідэнта ўспрымаюцца з дакладнасцю наадварот, і з паліц супермаркетаў паступова знікаюць вышэйзгаданыя тавары. На змену паніцы з нагоды Ковіда прыйшла паніка патэнцыйнай пагрозы.

І гэта ўжо не проста паток навін аб навале расійскіх войскаў на межах Украіны і абмен рэзкімі заявамі. Цяпер многія псіхолагі кажуць пра так званую «інфармацыйную дыету»: неабходна для сябе падзяліць журналістаў і прапагандыстаў, менш сядзець на форумах у сацсетках і абмежавацца некалькімі медыя, якім варта давяраць. Але, на жаль, украінцы маюць вялікі і сумны досвед крызісных сітуацый і заспакойлівых доз афіцыйных заяў ад улады, таму самае галоўнае цяпер – выразна фільтраваць інфармацыю і адрозніваць яе ад фэйкаў, бо часам паніка дзейнічае мацней і хутчэй танкаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ