«Мацней за савецкую ўладу»



Кожны раз з цеплынёй у сэрцы ўспамінаю гэты дзень. Пярэдадне Старога Новага года – Шчодры вечар. Мне гадоў шэсць. Як узыдзе першая зорка, можна ісці шчадраваць да суседзяў ці знаёмых. Я ў прадчуванні цуду, бо некалькі дзён вучыла з бацькамі песні-шчадроўкі; гэта будзе мой дэбют. Мама фарбуе мне вусны, апранае каралі, па-цыганску вяжа на галаву і на сцягна хусткі. Я – каралеўна, у гэты вечар асаблівая, дарослая. Толькі ў каралеўны крыху дрыжаць каленкі: раптам забуду словы? Раптам злая суседская бабка вылае мяне за тое, што я пастукала ў яе дзверы з песнямі-вершамі і перашкодзіла глядзець серыял? Таму перад выхадам цыганка-каралеўна выпрабуе свае чары на бацьку, спявае ва ўсю шасцігадовую глотку, атрымлівае адабрэнне, шакаладку, купюру ў торбачку і… Аказваецца, хадзіць з песнямі і жадаць шчодрага і добрага вечара людзям не так ужо і страшна. Ўжо другое-трэцяе выкананне надае ўпэўненасці: ты можаш, у цябе атрымліваецца, ты – артыстка! Асабліва калі адчуваеш, як цяжэе ў руках торбачка з сумленна заробленымі цукеркамі і манетамі, а злая суседская бабка называе „добрай дзяўчынкай”. Думаю, што той рэкорд па паяданні цукерак увечар 13 студзеня я ўжо ніколі не змагу паўтарыць!  Мама апавядала, што на пачатку васьмідзесятых, калі яна вучылася ў малодшай школе, дзяцей, якія хадзілі са шчадроўкамі, лавілі на вуліцы настаўнікі і запісвалі прозвішчы. А раніцай выстройвалі перад аднакласнікамі ў ганебную шэраг і пагражалі выгнаць з акцябрат-піянераў за жабраванне. Потым, пасталеўшы, мама падазравала, што «паляўнічыя за шчодравальнікамі» і самі цішком за чаркай адзначалі Шчодры вечар. Але, на шчасце, народныя традыцыі аказаліся мацнейшымі за савецкую ўладу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ