Музыка – зброя
Мяне заўсёды цікавіла такая выдатная з’ява, як вулічная музыка. Хто гэтыя людзі і навошта ім усё гэта? І разумею, што выступы на вуліцы альбо ў падземных пераходах – гэта не толькі спосаб зарабіць. У першую чаргу, гэта спосаб самавыяўлення. Музыцы важна, каб яго слухала і чула публіка, і, што тут хаваць, удзячна і шчыра рэагавала.
Чым адрозніваецца вулічны выканаўца ад клубна-рэстараннага? Ды кардынальна адрозніваецца! Бо музыкант, які грае ў рэстаране, як правіла, не мае свабоды выбару рэпертуару. Затое вулічны можа апрабаваць на мінаках аўтарскі твор або выканаць што-небудзь з папулярнага на свой густ. Музыка проста кайфуе, граючы, для яго вялікая сцэна – гэта вуліца з публікай, якая ўвесь час зменьваецца.
Апладысменты, захопленыя воклічы, іншы раз хамства, а часамі і «Мурка» пад замову.
Я часта падыходжу да вулічных музыкаў, каб не проста паслухаць, але і пагаварыць з імі. І амаль кожны з іх скажа, што для яго ёсць галоўным у гэтай працы. У першую чаргу – абмен энергіяй са слухачамі, калі граеш і ні пра што не думаеш, а чалавек спыняецца на хвіліну-другую і забывае пра свае праблемы. І вось у гэтую хвіліну-другую слухач увесь твой, а ты для яго – маэстра.
Менск, станцыя метро «Каменная Горка». У пераходзе – два гітарысты, якiя выконваюць знакавую песню Цоя. І людзі, якія на імгненне затрымаліся каля іх, каб крыкнуць „Брава!”. На прыкладзе сённяшняй Беларусі вулічныя музыкі – гэта не проста выканаўцы, а людзі, якія сваёй творчасцю паказваюць, што яны неабыякавыя да таго, што зараз адбываецца ў краіне, і не стаяць у баку. Музыка – іх зброя ў барацьбе.