Мы разам
Пачаўся чаканы навучальны год. Вакацыі не абмежаваліся летнім перыядам, таму што ва Украіне афіцыйны каранцін быў абвешчаны з сярэдзіны сакавіка. Ён і цяпер доўжыцца да 31 кастрычніка, але па ініцыятыве рэгіянальных улад школы і ВНУ аднавілі працу. Хоць і не ў поўным аб’ёме.
Пасля вымушанага перапынку мая доўгачаканая сустрэча з сябрамі-студэнтамі была вельмі бурнай і эмацыянальнай. Мяне ўразіла тое, што да маёй сціплай персоны многія праявілі цікавасць, ведаючы, што я беларуска і падтрымліваю цесныя сувязі з сваякамі і сябрамі ў розных гарадах Беларусі. Натуральна, гэта звязана з цяперашняй сітуацыяй, але не ў глабальнай плоскасці пратэстаў, а менавіта ў пратэстах студэнцкай моладзі. Маіх аднагодкаў уразіла смеласць, рашучасць і бясстрашнасць у праяве сваёй грамадзянскай пазіцыі, і яны пачалі праводзіць аналогіі з пачаткам Еўрамайдана, калі ва Украіне ў 2013 годзе адбыўся першы разгон мірнай пратэстнай акцыі студэнтаў.
Мяне наперабой распытвалі, ці сапраўды былі затрыманні і ўжыванне гвалту, бо гэта не нейкія абстрактныя людзі, а такія ж хлопцы і дзяўчаты, як і яны. І нават тыя, хто калісьці лаяльна выказваўся ў адрас дзеючага рэжыму, пасля ўсіх падзей змяніў сваё стаўленне да яго. Захапляла тое, што беларускія студэнты проста не пабаяліся таго, што іх могуць выключыць з ВНУ, бо праўду паставілі вышэй за ўсё. І, як выказаўся адзін мой таварыш, калі выйшлі студэнты, значыцца, перамены немінучыя, як гэта ўжо было ва Украіне. Мы салідарныя. Мы разам.