„Мёртвыя душы”



Амаль тысяча амерыканцаў патрапіла ў санкцыйны спіс РФ. Цяпер ім забаронены ўезд на яе тэрыторыю. Мера ў сувязі з недружалюбнымі дзеяннямі гэтых грамадзян ЗША была б зразумелай, калі б не адзін абсурдны факт: у «чорным спісе» аказаліся годныя, але, на жаль, мёртвыя людзі. Сярод іх былы сенатар Джон Макейн, які памёр яшчэ ў 2018 годзе. Яго называлі вялікім сябрам Украіны. Падчас Рэвалюцыі Годнасці Макейн выступаў на Майдане са словамі падтрымкі. І нават сустрэў 2017 год у Марыупалі, не ведаючы, што праз пяць гадоў гэты горад стане сімвалам стойкасці і гераізму ўкраінцаў. 

Пад крытыку Макейна трапляў Абама, які пасля анэксіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе мала надаваў увагі ўкраінскай справе, і Трамп, вядомы сваёй лаяльнасцю да Крамля. Мабыць, складальнікі спісу выказалі здагадку, наколькі мог быць небяспечны нябожчык сенатар падчас поўнамаштабнай вайны, што палічылі неабходнасцю яго туды ўнесці. Так, на ўсялякі выпадак, каб перастрахавацца. Пардон за таўталогію, але жыццё трэба пражыць так, каб яшчэ шмат гадоў пасля смерці цябе баяліся ворагі. Акрамя Макейна, уезд у РФ забаронены яшчэ чацвярым памерлым амерыканцам.

І дзіўным ёсць тое, што гэта не памылка ці промах – пад імёнамі нябожчыкаў паказана «сканаў». Што п’юць ці нюхаюць у расійскім Міністэрстве замежных спраў – загадка. А што да санкцыйнага дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і яго жонкі, то ах як шкада, што зараз яны не змогуць прыехаць у Саратаў, зрабіць сэлфі на фоне маўзалея, пасмажыць шашлык на беразе Волгі і проста атруціцца ў прыдарожнай кавярні а-ля «Рабінушка» .

Беларускае Радыё РАЦЫЯ