На адзін дзень бліжэй
Добрай раніцы, любімы горад, мы яшчэ на адзін дзень бліжэй да Перамогі. Такой фразай штодня вітаюць сваіх жыхароў Тэлеграм-каналы абсалютна ўсіх украінскіх гарадоў. Пасля спакойнай ночы і пасля ночы з некалькімі паветранымі трывогамі. У гарадах, дзе невыносна горача, і ў гарадах, дзе адносна ціха. Хаця ўсё адносна. Ва Украіне няма ніводнага месца, дзе людзі могуць адчуваць сябе ў поўнай бяспецы, таму што крамлёўскі монстар непрадказальны.
Узяць хаця б Вінніцу: мае ўкраінскія сябры выязджалі туды цэлымі сем’ямі, ратуючыся ад бамбардзіровак Чарнігава. Забіралі ад страшнага грукату гармат нованароджаных дзяцей, баючыся, што ў іх могуць лопнуць барабанныя перапонкі. Потым тэлефанавалі тым, хто застаўся, і дзівіліся: так, у Вінніцы выюць сірэны, але ніхто на іх не рэагуе, бо жыхары не чулі ніводнага стрэлу. Горад жыў, гуляў, забаўляўся ў барах і на атракцыёнах. І толькі каменданцкая гадзіна ламала ўсе планы. Да сярэдзіны ліпеня, да ракетнага ўдару па цэнтры. І з гэтага моманту кожны ўкраінец адчуў сябе Вінніцай. І так штодня: мы – Мікалаеў, Харкаў, Запарожжа, Крывы Рог, Краматорск, Аленаўка…
І насуперак усяму гарады памалу вяртаюцца да жыцця. Недзе аднавілі водазабеспячэнне, недзе запусцілі грамадскі транспарт, кудысьці ўжо можна даехаць, некаму ўсталявалі новыя вокны замест тых, што вылецелі ад выбухной хвалі, нехта нарадзіўся, а нехта вярнуўся дадому. З Вінніцы. Бо кожны новы дзень набліжае да Перамогі.