«Не грэх»
Ва ўкраінскім Чарнігаве ёсць сакральнае месца – Болдзіны горы. Пішу «ўкраінскім», таму што, Дзякуй Богу, нага акупанта не ступіла на гэтую цудоўную зямлю, хоць вораг узяў горад у блакаду яшчэ ў першыя дні вайны. Болдзіны горы – гэта высокі ўзгорак на правым беразе Дзясны. Мясцовасць, якую выбралі для некропаля ў ІХ-ХІ стагоддзях. Там знаходзяцца некалькі груп старажытных курганаў. Сама назва паходзіць ад стараславянскага слова «болд» – дуб, паколькі горы ў тыя часы былі густа пакрыты дубовымі зараснікамі.
На Болдзіных гарах знаходзіцца магіла Невядомага салдата, так што мода шанаваць гэтае месца з’явілася яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя, калі маладыя спяшаліся сюды ўскласці кветкі і зрабіць незабыўныя фота. Курганы, Вечны агонь, магілы выдатных украінскіх літаратараў, шыкоўны від на горад – гэта яшчэ не ўсё, што прыцягвала мясцовых жыхароў і турыстаў. Ёсць яшчэ адна славутасць – на схіле гары стаіць „альтанка кахання”. І калі Вечны агонь ужо амаль страціў папулярнасць для маладых, то выпіць шампанскага і разбіць у ёй келіхі – безумоўная традыцыя. Мала хто ведае, што альтанка была пабудавана спецыяльна для рускага цара Мікалая ІІ у 1911 годзе з нагоды яго прыезду ў Чарнігаў.
Там планавалася правесці чайную цырымонію, але цар па нейкіх прычынах туды не даехаў, затое царская альтанка радуе вока дагэтуль. А калі дакладней, радавала. 2 красавіка 2022 года яна падвергнулася расійскай бамбардзіроўцы і была поўнасцю знішчана. Зрэшты, як і дзясяткі помнікаў архітэктуры ў Чарнігаве, якія складаюць культурную спадчыну не толькі Украіны, а і Еўропы ў цэлым. Сярод іх і дзве царквы, якія знаходзяцца на балансе УПЦ Маскоўскага патрыярхата. Рускія, якія любяць рваць на сабе кашулю і разбіваць лоб у паклонах перад іконамі, крычучы ўсяму свету аб сваёй богаабранасці, шалёна знішчаюць тое, што павінна быць для іх свята!
І «альтаначку» для цара-бацюшкі, імі ж кананізаванага, не пашкадавалі. Нічога, патрыярх Кірыла даруе. На тым свеце.