„Не ісціна ў апошняй інстанцыі”
Я ўпэўнена, што многім людзям, як і мне, ідучы па вуліцы ў снегапад, прыходзіць у галаву думка: а ці бывае ўвогуле лета? Таму што ў кожную пару года цяперашні момант чамусьці выцірае з памяці папярэднія адчуванні.
Узімку мы сумуем па сонцы і па летніх навальніцах, якія прыносяць палёгку пасля нясцерпнай спёкі. Але 25-га снежня, як раз у Каляды па грыгарыянскім календары, жыхары невялікага мястэчка на поўначы Украіны сарвалі джэкпот адчуванняў – падчас моцнага снегападу раздаваліся аглушальныя грымоты і зіхацела маланка.
Пэўна, многія бабулькі, паглядзеўшы ў акно, упалі на калені перад абразамі: навальніцу, якая ўдарыла на голы лес, то бок узімку, у мароз, нашыя продкі лічылі асаблівым знакам з-за выключнай рэдкасці з’явы. Да снежнай навальніцы ставіліся як да прадвесніка голаду, вайны і іншых катаклізмаў – з вялікай асцярогай, бо навальніца даўней лічылася Божай карай.
Хоць метэаролагі нічога анамальнага ў гэтым не бачаць: рэдка – так, але тлумачальна і без містыкі. Пярун у снежную буру можа ўзнікаць пры супадзенні пэўных пагодных фактараў: моцны мароз, парывісты вецер і снегапад. Узнікае так званы марозны хаос, калі крупінкі лёду ўтвараюць разрады пры трэнні.
Людзі, каторыя гэта містыфікуюць, не разумеюць, што снежныя навальніцы з маланкамі абсалютна бяспечныя і не маюць навальнічнага паходжання, у адрозненне ад летніх, калі разрады маланак могуць вывесці са строю цэлыя сістэмы ці нават прывесці да смерці людзей.
А хтосьці ў гэтай з’яве ўбачыў проста неверагодную прыгажосць, бо прырода па-за палітыкай, яна дзейнічае па сваіх законах.
Народныя прыметы – гэта не ісціна ў апошняй інстанцыі.