Неадназначная любоў да Радзімы



У маіх бацькоў ёсць сябры – былыя грамадзяне Украіны, гадоў пятнаццаць таму яны прынялі расейскае грамадзянства і прадаліся за пернікі „Газпрама”. І да 2014 года такі ўчынак не насіў хваравіта-здрадніцкага адцення, як гэта расцэньвалася б цяпер, падчас агрэсіі РФ супраць Украіны. Людзі адукаваныя, думаючыя, яны, як і мільёны расейскіх грамадзян, сталі ахвярай прапагандысцкай машыны. Пры гэтым штогод прыязджаючы на радзіму, маюць магчымасць убачыць іншы бок медаля. Хоць, пры жаданні, можна і там, у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, чытаць навіны на ўкраінскіх рэсурсах. 

Цёплае сяброўскае застолле летам 2014 года ператварылася ў даволі непрыемную спрэчку аб прыналежнасці Крыма. І так кожны год: калі прыязджаюць на адпачынак, сябры бацькоў з пенай у рота і слязамі на вачах даказваюць сваю любоў да Украіны: то народную песню зацягнуць, то вышыванку купяць, то прадэгустуюць боршч ва ўсіх рэстаранах горада, то спрабуюць схаваць свой выражаны рускі акцэнт з дапамогай ужывання ў мове ўкраінскіх слоў, але «Крым – спрадвечна рускі”.

Нечакана апошні прыезд кардынальна змяніў іх погляды на палітычную сітуацыю. Падчас чарговага застолля наступіў „момант ісціны”: Крым – адназначна ўкраінскі! Што перавярнула іх свядомасць, засталося для ўсіх загадкай, і шукаць гэтаму прычыны ўжо не было ніякай патрэбы. 

Як любіў казаць мой бацька: «Мозг – ня кантэйнер, які дадзены чалавеку, каб запаўняць яго розным інфармацыйным смеццем, а складаны механізм для ўмення думаць, аналізаваць і рабіць высновы».

belapan.by

Беларускае Радыё РАЦЫЯ