Нетрадыцыйная традыцыя



Нягледзячы на катаклізмы ў прыродзе, грамадстве і свядомасці людзей, Каляды ніхто не адмяняў. За апошні час гэта, бадай, адно з самых светлых падзей, з якой многія звязваюць надзеі на змены, на новы этап у жыцці. У кожнай гаспадыні ёсць свой асаблівы набор калядных страў – акрамя традыцыйных, гатуюцца яшчэ і выключна сямейныя.

Напрыклад, у маёй сям’і традыцыйнай заўсёды лічылася свіная рулька, але калі пабраліся мае бацькі, тата прыўнёс ідэю гатаваць на калядны стол нешта незвычайнае і цікавае. Такім чынам сярод традыцыйных страў з’явілася каўказская далма – маленькія галубцы, у якіх замест звыклага капуснага лісця фарш заварочваюць у вінаградныя. Шчыра кажучы, мае родныя далму ацанілі не адразу – занадта спецыфічная. З часам яна стала неад’емнай часткай святочнага стала, асабліва каляднага. Пошукі кансерваваных вінаградных лісцяў даходзілі да абсурду: падлучаліся знаёмыя з цэлага свету, каб усімі праўдамі і няпраўдамі прывезці або перадаць нам запаветную банку. Потым, зусім выпадкова, адпачываючы ў Турэччыне, у самым звычайным супермаркеце мы з маці ўбачылі гіганцкую пяцілітровую пасудзіну з жаданым лісцем! Яна мела вельмі вялікую вагу, запаўняла сабой палову валізы, але мы былі гатовыя адмовіцца ад усіх астатніх пакупак дзеля гэтай.

Гэта трэція Каляды без бацькі. Далма і ў гэтым годзе будзе на нашым стале, як неад’емная частка свята. І ў наступным. І кожны год…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ