“Нязручная праўда”
Ва Украіне няма ніводнай вобласці, якая б не падвергнулася расейскім бамбардзіроўкам. Ёсць больш-менш бяспечныя, а ёсць і „гарачыя”. Хаця гэтае паняцце адноснае. Да першых да нядаўняга часу разам з заходнімі абласцямі належалі Днепрапятроўшчына і Адэшчына. Але на сёння сітуацыя радыкальна змянілася. Напярэдадні праваслаўнага Вялікадня Украіна скаланулася ад страшнага ракетнага ўдару па жылым доме ў Адэсе, дзе ў ліку загінулых апынулася маленькая адэсітка. Фота трохмесяцовай дзяўчынкі і яе маці, якая таксама загінула, патрапілі не толькі ва ўкраінскія СМІ, але і імгненна распаўсюджваліся праз сацыяльныя сеткі.
«Фэйк» – безапеляцыйна заявілі «освободители». „Фэйк” – рэхам адгукнуліся 99 працэнтаў карыстальнікаў сацсетак з Расеі. Такім жа словам яны ахарактарызавалі шакавальнае відэа дзяўчыны з Чарнігава, якая выжыла пасля бамбардзіроўкі. Калі гэта здарылася, дзяўчына знаходзілася ў будынку школы і займалася сартаваннем гуманітарнай дапамогі. Ад выбуху яна страціла прытомнасць, калі прыйшла ў сябе, убачыла побач мёртвыя целы людзей, з якімі за хвіліну да здарэння перабірала адзенне для тых, хто таго патрабуе. Дзяўчына зразумела, што можа хадзіць, пабегла дадому і адразу зняла відэа, якое стала вірусным у сацсетках.
У сваім роліку яна апавяла аб тым, што адбылося, заклікала яго распаўсюдзіць, каб «рускія сябры» ўбачылі яе паранены і скрываўлены твар. Відэа тут жа падхапілі расейскія і беларускія СМІ і абвінавацілі дзяўчыну ў фальсіфікацыі. Але абвінавачванні – гэта адно, а рэальныя пагрозы фізічнага знішчэння ў каментарах – зусім іншае. То бок усё з ног на галаву. Ахвяра, якой цудам удалося выжыць пасля бамбардзіроўкі школы (школы, не ваеннага аб’екта!), баялася за сваё жыццё, паказаўшы свету праўду — такую нязручную для большасці ў РФ, а таксама паказаную на адным з дзяржаўных тэлеканалаў у Беларусі. Ізноў несапраўдная кроў.