Па-за рамкамі



Не сумняюся, што не толькі я задаюся пытаннем: што прымушае людзей весці лад жыцця, які выходзіць за рамкі стандартнага, звыклага і агульнапрынятага.

Чым займаецца сярэднестатыстычны ўкраінскі ці беларускі пенсіянер у вясенне-летні перыяд? Чым напоўнена яго жыццё? Вядома ж, у першую чаргу, лецішчам! Нават унукі на яго фоне – пытанне другараднае. І большасць людзей у гадах кідаецца ў бездань садова-агародных работ з галавой, цалкам забываючы пра супрацьпаказанні па здароўі. Дарэчы, яны нават запэўніваюць, што пачынаюць адчуваць сябе значна лепей, калі датыкаюцца да зямлі. Але я цяпер не пра іх, а пра тых, хто жыве іншымі катэгорыямі.

Кругласутачны супермаркет. Час набліжаецца да паўночы. На прыступках, падсцяліўшы фірмовы пакет крамы (неэстэтычна на голым бетоне), горда сядзіць дама гадоў васьмідзесяці. Менавіта дама: узрост не сцёр з твару рэшткі былой прыгажосці, паставу і манеру апранацца з густам. У руках далёка не танны смартфон, у вушах навушнікі, а кастлявыя пальцы спрытна слізгаюць па сэнсарным дысплеі. Пытаецца, што яна тут робіць? Назіраю хвілін пятнаццаць, і заўважаю, што раблю гэта не толькі я. Раптам да яе падыходзіць малады чалавек і дзёрзка прапануе бутэльку піва, на што ў адказ бабуля ледзь з выклікам заяўляе: «Няўжо Вы не бачыце, што я ў чаце?». Здзіўлена адрэагаваўшы, – «пардон», – толькі і мог сказаць ён, таму што «прабачце» да такой дамы недастасоўна. Як ні ў чым не бывала, яна засяроджана далей камусьці страчыла паведамленне, пры гэтым па-старэчы варушачы вуснамі. Праз нейкі час пад краму пад’ехала таксі, бабулька акуратна склала пакет, на якім сядзела, у дамскую сумачку, села ў машыну і памчалася.

Я ўпэўнена, што кожны, хто за ёй назіраў, задаваўся пытаннем: чаму не на лаўцы ў парку, чаму не дома, і чаму ў такі час бабуля кагосьці мучыла перапіскай? І, напэўна, кожны ў розуме нафантазіяваў гісторыю яе жыцця…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ