Падарожжа ў вёску. Частка другая



Украінска-беларускае памежжа. Я зноў вяртаюся ў невялікую вёску. Але толькі гэта ўжо не проста паездка да бабулі майго хлопца, а канкрэтнае запрашэнне на Храм. Амаль у кожнай, нават невялікай, вёсцы гэтага рэгіёну ёсць праваслаўная царква, якая мае сваю назву. Па традыцыі, яна можа насіць імя свята, святога або абраза. Такім чынам, 21 ліпеня – Свята Казанскай іконы Божай Маці, гэтую ж назву і носіць маленькая цэркаўка ў вёсцы – Казанская царква, інакш кажучы, святкаванне з нагоды яе будаўніцтва і асвячэння.

Своеасаблівы Дзень нарадзінаў. Храмавае свята ў асобна ўзятай вёсцы – гэта асаблівая падзея падобна Калядаў ці Вялікадня, толькі на сваім, мясцовым узроўні, а таму вельмі важнае і значнае. Да свята рыхтуюцца загадзя: кожны жыхар вёскі рыхтуе свой дом да прыходу суседзяў і нават прыезду гасцей з горада. У гэты дзень нельга працаваць, каб Божая Маці не абурылася і ня паслала пакаранне ў выглядзе паганага ўраджаю. Пасля ранішняй літургіі і Крыжовага Ходу ўсе збіраюцца дома за святочным сталом і не прыбіраюць яго да позняга вечара, каб усе, хто зойдзе ў дом, маглі паспрабаваць пачастунак. Мяне ўразіла тое, што кожны двор быў прыбраны кветкамі, а ў хатах віселі ручнікі. Усе людзі прыгожыя і радасныя. Абавязковае прывітанне кожнаму: «Бывайце здаровы з Казанскай і з мёдам»! Аказваецца, што абавязковы атрыбут гэтага свята – мёд. З яго вараць мядовы напой, робяць алкагольную медавуху, пякуць караваі і бліны. І так людзі цягам ўсяго дня павінны зайсці ў кожную хату і сесці за стол з гаспадарамі. І ні ў якім разе нельга адмовіцца, нават, калі у цябе ад ежы ўжо трашчыць жывот, таму што госць – гэта дабраславеньне для сям’і. Потым гаспадары выносяць фатаграфіі памерлых сваякоў і наліваюць чарку гарэлкі святару, які павінен увайсці ў кожны двор і прачытаць малітву за душы памерлых.

Бабуля апавядала, што ў савецкія часы ў гэты дзень прыязджала з горада міліцыя, каб перашкаджаць святкаванню. Але гэта было да першай чаркі – ужо праз паўгадзіны чалавек у пагонах здымаў міліцэйскі кіцель і спяваў разам з усімі ўкраінскія і беларускія песні. З’ехалі мы позна ўвечары. А вёска яшчэ і не збіралася спаць. І, што характэрна, ў Храм забываюцца крыўды – суседзі, якія ў звычайным жыцці не вельмі сябруюць адзін з адным, напрыклад, з-за варварска захопленай дзялянкі зямлі, сядзяць ў абдымку за адным сталом і плануюць пажаніць сваіх дзяцей. Але наступіць заўтрашні дзень, і суседскія вайны працягнуцца да наступнага Храма.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ