Паказальнікі ў нікуды



Страшнае слова «бамбасховішча» за апошні месяц трывала ўвайшло ў жыццё ўкраінцаў, а ўвага ўсяго свету засяроджана на пытанні магчымага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну войскаў Расейскай Федэрацыі. Найгоршы сцэнар – падзеі з баявымі дзеяннямі на ўсёй тэрыторыі краіны – народ ужо не ўспрымае проста як страшылкі ад палітыкаў, а рэальна ацэньвае яго высокую верагоднасць.

Таму калі яшчэ нядаўна гатоўнасць сховішч правяралася толькі ў Кіеве і гарадах-мільённіках, то зараз інтэрактыўныя карты з адрасамі складаюць усе гарадскія адміністрацыі. Але, як высветлілася, у адным толькі Кіеве з чатырох з паловай тысяч паказаных на карце, толькі пятая частка прыдатная ў якасці сховішчаў. Астатнія адрасы альбо неактуальныя, альбо памяшканні знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, ці бамбасховішча ёсць, але да яго няма доступу. У многіх наогул размешчаны гандлёвыя пункты. Так бы мовіць, паказальнікі ў нікуды. Раней ахоўныя збудаванні знаходзіліся на буйных прадпрыемствах, але на сённяшні дзень яны проста прыйшлі ў заняпад разам з фабрыкамі і заводамі. То бок яны не прыстасаваныя для доўгага знаходжання людзей з-за адсутнасці элементарных выгод: няма вады і электрычнасці. Калі ў мегаполісах пры гуку сірэны людзей змогуць прыняць метрапалітэны ці хаця б падземныя паркінгі і пераходы, то ў невялікіх гарадах жыхарам давядзецца разлічваць на ўласныя падвалы. І перавага ў такой сітуацыі ў тых, хто пражывае ў прыватным сектары, а не ў шматпавярховым доме. 

Прэзідэнт Зяленскі з экрана тэлевізара заклікае захоўваць спакой і не панікаваць, кажучы, што зараз больш нападаюць не на ўкраінскую зямлю, а на нервы ўкраінцаў. Але папярэдзіў, што цэнтральная ўлада гатова да любога развіцця падзей. 

А папярэджаны – значыцца узброены. Але ці абаронены?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ