Паралельныя светы
Так адбылося, што мая мама цягам апошніх трох тыдняў паспела пабываць і ў Беларусі, і ў Польшчы. Практычна без інтэрвалу: толькі на адзін дзень прыяжджала дадому ва Ўкраіну. Сказаць пра кантрасты яе ўражанняў – гэта нічога не сказаць. Мілая сэрцу Беларусь сустрэла сонечным і даволі цёплым надвор’ем. На гэтым, як кажуць, хопіць пра добрае. У сілу сямейных абставінаў маме штодня даводзілася браць штурмам розныя дзяржаўныя ўстановы. Незадаволеныя міны «бюджэтнікаў», хамскае стаўленне да яе, як да чужаземкі (чытаць – да украінкі), пытальныя погляды: навошта прыперлася? Даведаўшыся, што з Украіны, дробныя чыноўнікі імкнуліся са здзекам ўставіць: што, нагуляліся ў «незалежність»? Наладзілі братазабойчую вайну? Не захацелі мірна жыць з нашым агульным старэйшым братам? Пры гэтым пытанні, якія можна было вырашыць двума-трыма днямі, расцягваліся мінімум на сем-восем. Не, былі выключэнні, было разуменне сітуацыі і шчырае жаданне дапамагчы, хоць гэта адзінкавыя выпадкі. Але больш за ўсё маму ўразіла тое, што звычайна ўсмешлівыя і адкрытыя людзі на вуліцы, у транспарце, у крамах, у гэты яе прыезд мелі выгляд засяроджаны і напружаны, быццам у кожны момант чакалі ўдару.
Гэта значыцца, што беларусы на сваёй тэрыторыі не адчуваюць сябе ў бяспецы. Паветра цісьне, як перад навальніцай. Мама прызналася, што ёй таксама перадаўся гэты агульны настрой.
І вось яна ў Польшчы. Першае, што кідаецца ў вочы – выразы твару мінакоў: ажыўленыя і спакойныя, сумныя і радасныя, заклапочаныя і абыякавыя. Кожныя са сваімі эмоцыямі, але жывыя і натуральныя. Няма напружання, няма страху. Яны ў бяспецы. Дзве дзяржавы, якія мяжуюць адзін з адным, але – два паралельных светы. Два полюса. Ня геаграфічна – ментальна. Не заўсёды – толькі ў апошнія некалькі гадоў.