Паслясмак



Прырода любіць падаваць сюрпрызы. Канец лютага: на вуліцы плюс 15 па Цэльсіі; дрэвы, галіны якіх некалькі месяцаў нагадвалі павукоў-сенакосцаў, абраслі выпукласцямі; птушачкі істэрычна завялі сваё шматгалоссе; п’янаватыя мухі, якія дзёрзка залятаюць у акно з мэтай зладзіць дэфіле на падаконніку… Сакавік. Доўгачаканая вясна. Дождж, снег, град! Мінус пяць па Цэльсіі.

Сняжынкі бязладна прыляпляюцца на галінкі-лапкі дрэў; птушачкі з перапуду кружацца, выдаючы какафонію; мухі былі б вельмі ўдзячныя адчыненным вокнам, але, на жаль… Глядзіш на адчайных нахабнікаў, якія так неабачліва змянілі паліто на лёгкія курткі, і разумееш: у іх няма дарогі назад. Паліто і футры ўжо ў хімчыстцы. Ды і не камільфо ў месяцы сакавіку!

Можна праводзіць аналогіі: надзея-расчараванне; уздым-заняпад; узнёслы настрой-дэпрэсія. Прырода – не заўсёды тое, за каго сябе выдае. Баюся яе, як крывадушнага прыяцеля, які кладзе ў маю далонь цукерку альбо з пратэрмінаванай прыдатнасцю, альбо паднятую з бруднага асфальту. Застаецца паслясмак – ад намеру да фізічнага адчування пяску на зубах.

Як кажуць людзі ў гадах, нездаволеная зіма заўсёды возьме сваё. Украдзе ў сакавіка. А можа нават і ў красавіка. Вясны Вам ўсярэдзіне і вакол Вас!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ