Пра пацыфістаў



Абстрактна сказаць „Не вайне” і канкрэтна асудзіць ваенную агрэсію адной дзяржавы адносна іншай – вялікая розніца. У першым выпадку, быццам і выказаўся, а разам з тым эфекту, як у пустое вядро плюнуў. Жыве сабе ў далёкай Аўстраліі мастак Пітэр Сітан. Ні даць ні ўзяць пацыфіст. І вырашыў ён ашчаслівіць Мэльбурн муралам: уставіць, так бы мовіць, свае пяць капеек у пытанне ўрэгулявання міру паміж Украінай і Расеяй. Салдат ВСУ абдымаецца з салдатам арміі РФ. Абаронца і акупант. Ахвяра і гвалтаўнік.

Мабыць, мастак паняцця не мае аб тым, што насамрэч адбываецца. «Мирись, мирись, мирись, и больше не дерись»! Двое дзяцей, якія пасварыліся ў пясочніцы. Яшчэ адзін заклік да дыпламатычнага ўрэгулявання. Да гэтага падобнае глупства прыдумаў Папа Рымскі Францішак, вырашыўшы, што будзе сімвалічна, калі падчас хрэснага ходу ў Ватыкане напярэдадні Вялікадня крыж будуць несці ўкраінка і расейка як заклік да прымірэння. Толькі Папа зусім выпусціў з-пад увагі той факт, што для пачатку дыялогу трэба, па меншай меры, перастаць забіваць украінцаў.

Бессэнсоўныя і адкрыта абразлівыя для ўкраінскага народа дзеянні. Што да мастака Сітона, то яго шэдэўральны мурал быў зафарбаваны, а аўтар перапрасіў ўкраінцаў. На жаль, вайна працягваецца, і такія акцыі не нясуць нічога, акрамя раздражнення. Уціхамірваць трэба агрэсара, а не ставіць знак роўнасці паміж ім і адважным войскам, якое абараняе сваю зямлю. І хай менш соваюць нос у гэтае пытанне рознага віду пацыфісты са сваімі бязглуздымі ініцыятывамі, нават калі гэта іерархі, людзі мастацтва або спартсмены (бо спорт па-за палітыкай?) Хаця гэта ўжо зусім іншая тэма.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ