Пра свядомасць
Апошнія 2 гады слова «Кавід» так трывала ўвайшло ў нашае жыццё, што баязлівае трапятанне, з якім яго калісьці прамаўлялі, проста страціла актуальнасць. На думку многіх, ён жыве побач і выклікае такую ж небяспеку, як дваровыя каты: тэарэтычна можна нахапацца блох або заразіцца лішаям, калі дакрануцца, а можна і ўберагчыся, кінуўшы кавалак мяса з фортачкі, пазбегнуўшы непасрэднага кантакту. Карацей кажучы – расслабіліся. І калі раней людзі дзяліліся на дзве секты: «Сведкі «Кавіда» і «Адмаўляльнікі «Кавіда», то зараз у яго існаванне вераць амаль усе, ды толькі ставяцца па-рознаму. Ёсць вірус, ёсць антывірус, інакш кажучы – вакцынацыя.
З гэтага вынікае, што секты пераарыентаваліся. Ва Украіне свядомыя грамадзяне актыўна запісаліся ў электронныя чэргі і чакаюць, калі іх выкліча на прышчэпку сямейны доктар. Пры гэтым ёсць і ўмоўна свядомыя: тыя, якія супраць вакцынацыі ў прынцыпе, але з-за пэўных абставінаў вымушаныя пайсці на гэты крок – альбо сарвецца замежная паездка, альбо ёсць небяспека быць звольненым з працы. Тым больш, што можна выбраць вакцыну таго вытворцы, якому больш давяраеш. Але мова не пра свядомых.
Падступныя кітайцы, амерыканцы і падобныя ім знішчальнікі роду чалавечага спецыяльна ўводзяць разам з вакцынай спецыяльны чып, які дазваляе ім кантраляваць паддоследную біямасу цягам усяго эксперыменту. А кантроль яшчэ і ўзмацняецца з кожнай новай дозай. Спачатку іх было дзве, потым прыдумалі штам «Дэльта», каб апраўдаць трэцюю і, крый Божа, чацвёртую дозы. Тады эксперымент будзе трываць дзесяцігоддзямі, і выжывуць наймацнейшыя, то значыць адбудзецца адбор, у выніку якога планета Зямля ачысціцца ад хворых і недасканалых.
І, як правіла, у часы войнаў і пандэмій абавязкова выпаўзаюць вонкі вяшчуны-прадказальнікі і ілжэвучоныя, якія пачынаюць уліваць свае мудрасці ў падатлівыя мазгі. Ілжэлекары грунтуюцца на ілжэдаследаваннях – наступствы вакцынацыі незваротныя для ўсіх унутраных органаў (цікава, чаму дагэтуль не забаранілі прамысловасць як з’яву? Ау, экалогія!). Прадказальнікі, у сваю чаргу, выкарыстоўваюць цытаты з Евангелля, у каторых набліжаецца канец свету. І так прыгожанька, так пераканаўча падводзяць іх пад тэму вакцынацыі!
Прыкра, што ў гэтым пытанні няма згуртаванасці ў барацьбе супраць сапраўды страшнай бяды. Можа, гучыць цынічна, але… Пакуль нехта будзе пазбягаць наступстваў прышчэпкі для арганізма, яго блізкага сваяка могуць падключыць да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.