Пра выбар



Зараз у разгары пара ўступных іспытаў. Многія ўжо даўно зрабілі свой выбар, а ёсць і такія, хто дагэтуль не ведае, з якім родам дзейнасці хоча звязаць сваё жыццё.

У мяне ёсць шмат знаёмых, якія ці ледзь не з малодшых класаў рабілі поспехі ў пэўных навуках, з чым пасля звязалі сваё жыццё. Іх выбар быў настолькі відавочны, што ні ў іх, ні ў тых, хто вакол, не ўзнікала сумневаў і пытанняў, якія тычацца выбару прафесіі.

А ёсць і такія, хто, атрымаўшы поўную сярэднюю адукацыю, нават не задумваючыся, ідуць па шляху найменшага супраціву. І здараецца гэта па розных прычынах: бывае, чалавек проста паўтарае кар’ерную сямейную традыцыю (што, дарэчы, часта аказваецца удалым выбарам); выбірае ВНУ, паступіць у якую не складае ніякіх клопатаў з-за адсутнасці папулярнасці і прэстыжу; а бывае і такое, што чалавек зусім не мае патрэбы ў далейшай адукацыі і здавольваецца ведамі, набытымі ў школе.

А зараз пра ўласны вопыт. Кім я хачу стаць, з пункту гледжання прафесіі, я ведала ўжо даўно, і рада таму, што цяпер мне не даводзіцца разважаць над выбарам. Нядаўна мне, музыканту, які скончыў чатыры курсы каледжа, прапанавалі альтэрнатыву далейшай адукацыі: пачаць займацца прасоўваннем профіляў пры дапамозе апрацоўкі фатаграфій і афармлення старонак у сацыяльных сетках.

Параўнаць гэтыя два віды дзейнасці – штодзённыя шматгадзінныя заняткі на інструменце і апрацоўка фатаграфій у мабільным дадатку-рэдактары (мой бацька казаў, што такую працу «можна зрабіць чацвёртым пальцам левай нагі» – значыцца з такімі «намаганнямі») для мяне проста абсурдна! Але на мой адказ знайшліся аргументы: гэта модна, прыбыткова, проста, а галоўнае – навучанне настолькі хуткае, што, на шчасце, не патрабуе пяцігадовага марнавання часу ў ВНУ.

На мой погляд, калі чалавек, не маючы адукацыі ў гэтай сферы, лічыць сябе майстрам, атрымлівае задавальненне і бачыць у гэтым сваё пакліканне – выдатна. Часта менавіта дзякуючы ўпэўненасці ў сабе і пры наяўнасці пэўных навыкаў чалавек можа быць прафесіяналам у любой сферы. Але калі выбар зроблены даўно, ва ўсякім разе, для мяне, не бачу сэнсу мяняць кваліфікацыю. 

Адсюль выснова: кожны мае права змяняць кірунак, па якім ідзе, альбо заставацца на сваім шляху, няхай гэта і патрабуе вялікіх высілкаў. 

Мастацтва – вечнае, мода – праходзіць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ