Прычына для расчаравання



Мяне глыбока абурала тое, што многія ўкраінцы да нядаўняга часу захапляліся беларускім Прэзідэнтам: «Вось бы нам такога: і парадак у краіне будзе, і вуліцы чыстыя, і праца ва ўсіх, і за простых людзей перажывае! А што толку ад гэтай дэмакратыі? Вось, напрыклад, якія заробкі ў беларусаў – можна і ва Украіну паехаць па пакупкі, і ў Польшчу!».

Дзіўна, чаму людзі не задумваюцца, што пры высокім узроўні жыцця грамадзяне робяць глабальныя пакупкі ў межах сваёй дзяржавы, а не ездзяць за падгузнікамі, абуткам і адзеннем да суседзяў? Гэтак жа да 2014 года многія ўкраінцы адчувалі сімпатыю і да расейскага Прэзідэнта. Затое зараз заўзятыя прыхільнікі апошняга ператварыліся ў непрымірымых крытыканаў. Да апошняга часу сярод маіх аднагодкаў я часта чула, што Бацька – вельмі адважны чалавек, здольны «секчы» праўду-матку, не баючыся таго, што пра яго падумаюць заходнія партнёры. І раптам, з надыходам гадзіны «ікс», усе рэзка памянялі сваё меркаванне: як можа лідэр дзяржавы так грэбаваць жыццямі сваіх грамадзян? Як можа праводзіць у такіх умовах спартыўныя турніры з вялікай колькасцю людзей, калі ўвесь свет ужо адмовіўся ад падобнага ў мэтах бяспекі? Бо, напрыклад, ужо месяц ва Ўкраіне студэнты і школьнікі знаходзяцца на дыстанцыйным навучанні ў рэжыме «online», дзе Прэзідэнт і Прэм’ер-міністр анансуюць ў тэлеэфіры правядзенне праекта «Усеўкраінская школа онлайн».

Чаму пра бяспеку дзяцей у Беларусі думаюць выключна іх бацькі, не пускаючы ў школу і дзіцячыя садкі? Пры адсутнасці разумных дзеянняў Гаранта ва ўмовах пандэміі людзі пачалі прадпрымаць свае меры – самаарганізавацца. І калі раней ва ўсім свеце было менш экспертаў па Лукашэнку, чым у адным асобна ўзятым двары любога ўкраінскага горада, то зараз іх колькасць рэзка скарацілася.

Дык колькі ж тысяч тэстаў у Беларусі павінны быць станоўчымі, каб Бацька, як мінімум, забараніў правядзенне масавых мерапрыемстваў? Ці і гэта для яго не аргумент?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ