„Прывітанне” ад Прэзідэнта
Што робіць у першую чаргу чалавек, адарваўшы галаву ад падушкі? Кідае погляд у акно, п’е каву, выпальвае цыгарэту (дрэнная звычка, тым больш нашча!), глядзіць колькасць «лайкаў» за ноч у Фэйсбуку, робіць немудрагелістую зарадку. З дня ў дзень, з году ў год – адзін і той жа рытуал. А яшчэ многія пачынаюць дзень з прагляду стужкі навін у Інтэрнеце, дзе ўжо амаль два гады першым радком праходзіць статыстыка захварэлых і памерлых за суткі ад Кавіда.
Сёння ўкраінцы, прачнуўшыся, выявілі прыемную навіну ад Прэзідэнта: у сваім відэазвароце Зяленскі анансаваў выплату адной тысячы грыўняў усім, хто прайшоў поўны курс вакцынацыі. Прыблізна 38 даляраў ЗША. Гэта робіцца для падтрымкі тых сфер, якія больш за ўсіх пацярпелі ад карантыну – культурны, транспартны і спартыўны сектары эканомікі, бо Украіна з цяжкасцю спраўляецца з восеньскай хваляй каронавіруса. Большасць абласцей пераведзены ў „чырвоную” эпідэмічную зону. Пры гэтым людзі, вакцынаваныя абедзвюма дозамі, маюць перавагу перад тымі, хто не паспеў, не захацеў ці пабаяўся (раптам вырасце хвост?) зрабіць прышчэпку. Першыя маюць магчымасць наведваць гандлёвыя цэнтры, кінатэатры, свабодна ездзіць у грамадскім транспарце, прад’явіўшы сертыфікат вакцынацыі ў папяровым выглядзе. Але каб атрымаць прэзідэнцкую тысячу, папяровага сертыфіката мала – неабходна ўсталяваць у смартфоне дадатак „Дія”, дзе будзе знаходзіцца QR-код. Дарэчы, пасля ўвядзення жорсткіх каранцінных абмежаванняў попыт на вакцынацыю значна вырас, хоць на цяперашні момант прышчэплена толькі трэць насельніцтва. Але ёсць перакананыя антывакцынатары, якія ўмудрыліся ўседзець адначасова на двух крэслах – і ідэю не здрадзілі, і фальшывы папяровы сертыфікат набылі.
Толькі атрымаць прэферэнцыі ад дзяржавы ў іх наўрад ці атрымаецца, таму што на паперы няма QR-кода, а ёсць толькі пячаткі медустановы. Тут мы апусцім развагі аб сумленні медыкаў, якія выдавалі такія дакументы за пэўную ўзнагароду.
І яшчэ аб адным маленькім нюансе: абяцаную тысячу грыўняў атрымаць гатоўкай на рукі нельга. Гэтыя грошы – своеасаблівы дэпазіт, які можна будзе вытраціць толькі на пэўны пералік паслуг, то бок набыць абанемент у спартзал, наведаць музей, тэатр або канцэрт.
Або ж купіць квіткі для падарожжаў унутры краіны. Але толькі механізму атрымання такога дэпазіту для вакцынаваных старых, якія не маюць смартфона, пакуль няма. Ды і ці патрэбны ім спартзал альбо фітнес-клуб? Адсюль узнікае слушнае пытанне: у чыіх кішэнях асядуць грошы тых, хто ў медыцынскіх базах значыцца як вакцынаваны, але рэальна не атрымаў «прывітанне» ад Прэзідэнта?