Пятая калона
24 жніўня Украіна адзначае нацыянальнае свята – у гэты дзень трыццаць гадоў таму быў прыняты Акт абвяшчэння незалежнасці Украіны, асноўная думка якога заключаецца ў тым, што яе тэрыторыя з’яўляецца непадзельнай і недатыкальнай, дзе маюць сілу выключна Канстытуцыя і законы Украіны. Але, на жаль, 2014 год унёс карэктывы ў гэтыя тэзісы не без дапамогі „брацкага” народа.
У Кіеве і рэгіёнах да падрыхтоўкі святкавання паставіліся сур’ёзна і з размахам: мясцовая ўлада стараецца завяршыць расцягнутыя па часе рамонтныя работы на вуліцах гарадоў, каб паспець да запаветнага дня. Гэта вельмі пахвальна, больш за тое – вынік прыкметны. Але тое, што адбылося ў сувязі з гэтым у сталіцы 17 жніўня, выходзіць за межы не толькі нацыянальнага, але і агульначалавечага. На месцы гібелі Нябеснай Сотні – Алеі Герояў на вуліцы Інстытуцкай – усталявалі дэкарацыі, якія павінны правесці экскурс у гісторыю дзяржавы Украіна розных часоў.
Інсталяцыя мае савецкі антураж – аўтаматы з газіроўкай і кватэра-«хрушчоўка», а канструкцыі – частка гістарычнай тэатральна-мастацкай пастаноўкі. Выбачайце, ў савецкі перыяд такой дзяржавы проста не існавала, была Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Дадзены факт выклікаў шквал крытыкі ў сацыяльных сетках, маўляў, верх цынізму ладзіць «саўковы» балаган побач з сакральным месцам, дзе загінулі героі Рэвалюцыі Годнасці. І каму прыйшло ў галаву правакаваць настальгію па Савецкім Саюзе? Натуральна, канцоў не знойдзеш.
Інстытут нацыянальнай памяці адпраўляе да Міністэрства культуры, Міністэрства – да Кіеўскай гарадской адміністрацыі, адміністрацыя – да Офісу Прэзідэнта. У выніку мэр Кіева Віталій Клічко заявіў, што не даваў ніякіх распараджэнняў на гэтую тэму, назваўшы інсталяцыю ў савецкім стылі непавагай да памяці патрыётаў. За гэтымі дэкарацыямі – прозвішчы і партрэты Герояў Нябеснай Сотні. Мэр даў распараджэнне на дэмантаж, аднак актывісты партыі «Нацыянальны корпус», не чакаючы прыезду камунальнай службы, сваімі сіламі зламалі частку дэкарацый, пасля чаго адбыліся сутыкненні з паліцыяй.
Радуе, што здаровы глузд перамог, але за 30 гадоў незалежнасці некаторыя палітычныя сілы Украіны пастаянна спрабуюць абясцэніць гэта паняцце, як раз паказваючы на залежнасць дзяржавы ад Расеі, ЗША і Еўразвяза. Нажаль, «пятую калону» ніхто не адмяняў.