«Сакральны прадукт»



Час ад часу ў розных рэгіёнах Украіны праходзяць фестывалі сала. І сцверджанне пра тое, што гэты прадукт з’яўляецца візітнай карткай Украіны, парадкам надакучыла. Але калі да гэтага пытання падысці з іншага пункту гледжання і паглыбіцца ў тэму, яна перастане здавацца такой банальнай.

Чаму украінцаў асацыююць менавіта з салам? Ёсць шмат фантастычных версій, але даверу у гістарычнай плоскасці выклікае толькі дзве. Першая: падчас татарскіх і турэцкіх набегаў украінцы, каб не аддаваць усё сваё харчаваньне мусульманам, знайшлі слабае месца воінаў з Асманскай імперыі – свініну. Сталі разводзіць толькі адных свіней, ведаючы, што ворагі не дакрануцца да страў з гэтай ежы. Другая: памешчыкі, баяры і іншая кіруючая эліта адбіралі сабе толькі мяса, а халопам дазвалялася есці выключна сала. Нібыта з тых часоў гэты прадукт і стаў папулярным, як бюджэтны і каларыйны.

Самі фестывалі арганізоўваюцца мясцовымі ўладамі, якія даюць магчымасць фермерам найлепшым чынам разрэкламаваць і прадставіць сваю прадукцыю. Як правіла, фестывалі праходзяць пад адкрытым небам і суправаджаюцца канцэртамі, гучнай музыкай і народнымі танцамі ў нацыянальных касцюмах.

Шматлікія людзі едуць за сотні кіламетраў на такія фестывалі, ведаючы, што толькі там яны могуць купіць найбольш якасную прадукцыю і акунуцца ў атмасферу сельскага свята.

Вельмі па-дурному крыўдзіцца на тое, што ўвесь свет асацыюе Украіну з салам, бо яно працуе на імідж краіны. Фішка ў выглядзе ўнікальнага нацыянальнага прадукту ды і яшчэ і з гераічным акцэнтам неабходная хоць бы для развіцця гастранамічнага турызму.

Як казаў мой бацька, для беларуса сала – таксама сакральны прадукт, які абʼядноўвае нас з украінцамі, і гэта яшчэ адна кропка судакранання двух вялікіх культур.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ