Савецкая спадчына



Не зважаючы на тое, што Украіна сёння знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўсяго свету па вядомых прычынах, у галовах многіх украінцаў старэйшага пакалення жыве «выдатнае мужчынскае свята» – 23 лютага.

З пачатку дзевяностых гадоў, калі пра савецкую армію гаварыць стала некарэктна, гэты дзень называўся Днём абаронцаў Айчыны, але ў 2014 годзе Украіна афіцыйна адмовілася ад прывязкі да гэтай даты. І зноў-такі з вядомых прычынаў. І Айчына іншая, і абаронцы, і каштоўнасці. Цалкам лагічна, што дата была перанесена на 14 кастрычніка – на Пакроў Прасвятой Багародзіцы – заступніцы ўкраінскага казацтва. Хоць і прыжылося новае свята, але ў многіх радзінах так і засталася традыцыя віншаваць шкарпэткамі-адэкалонамі мужчын менавіта ў лютым. Тым больш тых, хто меў шчасце служыць Савецкаму Саюзу. Краіна-суседка здзіўлялася, чаму ўкраінцы адгарадзіліся ад агульнага мінулага і пачалі прытрымлівацца новай дзяржаўнай ідэалогіі. Маўляў, не варта палітызаваць гэты дзень, мы ж „адзін народ”. Бо ёсць жа ў жанчын 8 Сакавіка, яго ніхто не адмяняў. На жаль, «савок» застаўся. На шчасце, з кожным годам яго ўсё менш і менш.

У маіх бацькоў шмат знаёмых, хто служыў у савецкім войску, але для іх святкаванне 23 лютага стала блюзнерствам з-за расейскай агрэсіі. А для тых, хто да гэтага часу не можа выплюнуць рэшткі свайго савецкага мінулага, і Беларусь засталася Белоруссией.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ