Шанец



Ці цяжка быць замежным студэнтам? Штогод у Польшчу едуць навучацца тысячы ўкраінцаў, выбіраючы менавіта яе сярод мноства іншых еўрапейскіх краін. Праз падобнасць культур украінскаму студэнту прасцей інтэгравацца ў польскае грамадства, дзякуючы чаму адаптацыя да новага жыцця праходзіць значна лягчэй. Сярод маіх знаёмых ёсць некалькі чалавек, якія паступілі ў прыватныя польскія ВНУ, і некалькі ў дзяржаўныя. Шанцаў паступіць у прыватную – значна больш, таму што чым больш студэнтаў, тым больш сродкаў яна атрымлівае. Абітурыентаў прыцягваюць рознымі праграмамі і імёнамі кампаній, у якіх потым яны змогуць стажавацца.

Украінцаў прыцягвае высокі ўзровень адукацыі, а таксама магчымасць рэалізацыі сваіх прафесійных уменняў па заканчэнні навучальнай установы. Больш за тое, дыплом еўрапейскага ўзору адкрывае рэальныя перспектывы для далейшага навучання ў іншых краінах Еўропы і пошуку годнай працы. 

У адрозненне ад Украіны, студэнт у Польшчы мае зніжкі на праезд у грамадскім транспарце, што дазваляе істотна зэканоміць. І што самае галоўнае – тэрытарыяльная блізкасць да роднай краіны: магчымасць прыехаць дадому ў любы момант плюс псіхалагічны фактар.

Але стаць студэнтам у Польшчы зусім няпроста, і далёка не па ўзмаху чароўнай палачкі, таму што неабходны пэўны ўзровень валодання польскай мовы, і гэта павінна быць пацверджана ці сертыфікатам, ці іспытам пры паступленні. Мае сябры, якія паступілі на навучанне ў Польшчу, з захапленнем апавядаюць пра тое, што там няма паняцця хабараў, то бок для вырашэння пытання пераздачы іспыту ёсць шмат варыянтаў, але з іх выключаны самы слізкі – нельга купіць адзнаку за грошы.

Беларускія абітурыенты таксама аддаюць перавагу польскім ВНУ айчынным, але па статыстыцы ўжо цягам некалькіх гадоў іх колькасць расце не так імкліва ў параўнанні з украінскімі. Гэта тлумачыцца яшчэ і тым, што беларусы ахвотна едуць вучыцца ў Маскву, дзе маюць магчымасць атрымаць бюджэтныя месцы і там няма праблем з валоданнем мовы. Натуральна, у кожнага свой выбар.

 P.S 

У тым, пра што пісалася вышэй, я апіралася выключна на досвед, суб’ектыўнае меркаванне маіх сяброў і статыстычныя дадзеныя. А ў гэтым годзе ў мяне ёсць мажлівасць ўсе любаты студэнцкага жыцця чужаземца ў Польшчы адчуць на сабе. Спадзяюся, што не расчаруюся! 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ