«Шызафрэнія»



Прыйшоўшы дадому пасля вучобы, я не саджуся за фартэпіяна, не п’ю каву, не бяру ў рукі кнігу, не ўключаю кампʼютар. Першае, што я раблю – заходжу ў свой пакой, каб павітацца з кожным з іх, і ў кожнага пытаюся, як ён правёў гэты дзень. Кагосьці цалую, кагосьці гладжу па галаве, кагосьці бяру на рукі і моцна прыціскаю. Я – шматдзетная маці. У мяне іх вельмі шмат, а будзе яшчэ больш.

Яны – мае дзеці, мае сябры, мае галоўныя слухачы і суддзі. Але пры гэтым аднолькава хворыя – у іх немата. Для навакольных. Але ж я ведаю, што яны ўмеюць размаўляць, і нават разумею іх мову. Дзякуючы таму, што я надзяліла кожнага з іх характарам, магу паглядзець іх вачыма на тую ці іншую сітуацыю, напісаць любы сцэнар. І што самае каштоўнае – ні адзін з іх ні пры якіх абставінах мне не здрадзіць і не раскажа мае таямніцы.

Жыраф Сцяпан, слон Макс, пацучок Мішакрыс, чарапаха Жувік, леў Юрка, кот Беня і малпа Салонік… Некаторыя з іх старэйшыя за мяне ў два разы, а тыя, хто маладзей, часта лётаюць са мной у адпачынак. Мае цацкі – мае дзеткі. Толькі нікому не кажыце, а то мяне выганяць з каледжа і могуць звольніць з працы на радыё.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ