Спекуляцыя на касцях
Памяць нацыі аб сваім мінулым – гэта самы важны від сацыяльнай памяці. Асабліва калі мова ідзе пра генацыд.
Штогод з 1998 года, калі ўпершыню была ўстаноўленая жалобная дата, у чацвёртую суботу лістапада ва Ўкраіне і ў дзяржавах, якія з ёй салідарныя, ушаноўваюць памяць ахвяр Галадамору 1932-33 гадоў. А ў 2006 годзе Вярхоўная Рада афіцыйна прызнала Галадамор генацыдам украінскага народа. Публічнае адмаўленне Галадамору ёсць супрацьпраўным, хаця пакаранне за такія дзеянні законам пакуль не прадугледжана. Дагэтуль даследчыкі не маюць адзінага меркавання адносна дакладнай колькасці загінуўшых: яно вагаецца ад 4 да 7 мільёнаў чалавек.
Першае з’яўленне тэрміна „Галадамор” звязваюць з друкаванымі працамі ўкраінскіх эмігрантаў у ЗША і ў Канадзе ў 1978 годзе, хоць у той час у Савецкім Саюзе гісторыкам дазвалялася ўжываць іншую фармулёўку – „цяжкасць з харчаваннем”. У гэтым і заключаўся сам факт адмаўлення масавай смерці ўкраінцаў ад штучнага голаду. Ужо пасля набыцця незалежнасці былі абнародаваныя архіўныя дакументы і сведчанні відавочцаў. У 1932 годзе для Ўкраіны быў устаноўлены такі план хлебазагатовак, выканаць які было проста нерэальна. Калгасы, прадпрыемствы і нават асобныя сяляне траплялі на «чорныя дошкі» – спісы даўжнікоў дзяржавы. Траплянне цэлай вёскі ў такі спіс станавілася прысудам.
Што характэрна, голад зусім не закрануў тых украінскіх земляў, якія ў 1932-33 гадах, на шчасце, не належалі да тэрыторыі Савецкага Саюза: Валынь, Галічына, Заходняе Падолле былі ў складзе Польшчы, Закарпацце было чэхаславацкім, а Букавіна – румынскай.
Жудасную трагедыю ўкраінскага народа да гэтага часу прынцыпова не прызнае Расея, лічачы, што Ўкраіна зрабіла Галадамор прадметам палітычнай спекуляцыі, перакручвае гісторыю і хоча пасварыць два брацкія народы. Пры гэтым голад, які сапраўды меў месца, катэгарычна нельга называць генацыдам.
Цікава, а ці не назаве Расея масавы канібалізм у тых абласцях Украіны, дзе лютаваў голад 1932-33 гадоў, масавым абжорствам?