Справядлівая цана



Навукова-даследчы цэнтр сацыялагічных даследаванняў. Хлебам не кармі, дай нешта даследаваць. Нават калі гэта абсалютна нікому не патрэбна. Вось, напрыклад, ва ўкраінскім Закарпацце прыдумалі вымяраць цэны на прадукты для папулярнага ў гэтым рэгіёне баграча, які адначасова з’яўляецца і першай, і другой стравай. Не то суп, не тое гуляш. Усё гэта выдатна, але толькі страва гэта з венгерскай кухні. Не зусім дарэчна. Затое ўжо амаль дзесяць гадоў ва Ўкраіне існуе індэкс баршчу – так званая «справядлівая» цана пяцілітровага рондаля гэтай традыцыйнай стравы. Асабліва замілоўваюць высновы экспертаў з Расеі адносна даследаванняў класічнага рэцэпту. Як дачка беларуса і ўкраінкі, магу з поўнай адказнасцю заявіць: класічнага рэцэпта ўкраінскага баршчу не існуе! І справа зусім не ў рэгіянальных адрозненнях. Асноўныя інгрэдыенты аднолькавыя. А вось індэкс баршчу ў кожнай сям’і індывідуальны. Адна гаспадыня зварыць яго толькі са свінымі рэбрамі, а іншая засмяецца ёй у твар і скажа, што сапраўдны боршч – гэта мінімум два гатункі мяса. А яшчэ лепей з пеўнем, з куркай нельга – смак не той.

І з грыбамі, прабачце, не крамнымі шампіньёнамі, а з самымі што ні на ёсць баравікамі. Памятаю гісторыю з першых вуснаў ад маёй знаёмай, адміністратара рэстарана ў адным з гарадоў Украіны, як да іх ва ўстанову прыехаў вядомы дзеяч шоў-бізнэсу і папрасіў зварыць для яго боршч індывідуальна, не так, як астатнім наведвальнікам з агульнага рондаля. Гаспадар, каб не пасароміць рэпутацыю рэстарана, выклікаў з водпуску шэф-кухара, падключыў да працэсу су-шэфа і яшчэ некалькі кухараў.

Кожны з іх, кантралюючы адзін аднаго, дадаваў свой сакрэтны інгрэдыент і даводзіў „да густу”. У выніку дзеяч шоу-бізнесу раструбіў у прэсе, якімі неверагоднымі памыямі кормяць людзей у гэтым рэстаране. Дык пра які індэкс можна казаць? Можа, падкінуць ідэйку навукова-даследчаму цэнтру сацыялагічных даследаванняў – хай выведуць «справядлівую» цану класічнага ўкраінскага рататуя?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ